Юры Адамовіч, 18 гадоў, нарадзіўся і жыве ў Менску, захапляецца футболам, гуляе ў камандзе свайго факультэту, любіць зьбіраць мадэлі і шмат чытае. Што да грамадзкай пазыцыі, падтрымлівае тых, хто змагаецца сёньня за Беларускі ліцэй.
(Адамовіч: ) "Большую частку маіх 18 гадоў я быў цалкам упэўнены, што не пайду па сьлядох сваіх бацькоў, ня буду мэдыкам. Абодва мае бацькі скончылі Беларускі мэдычны інстытут. Але ў самыя апошнія гады, у 10-11 клясах, зьявілася думка аб паступленьні на мэдычны шлях. Хацеў паступаць ў Мэдычны ўнівэрсытэт, але было ўжо вельмі позна. Да таго ж, на той час ужо вельмі моцна замацаваўся ў накірунку да хіміі. Калі я выбраў хімію, гэта мне больш дакладна паказала шлях і да мэдыцыны. Я вучуся ў БДУ на хімічным факультэце, на спэцыяльнасьці фармацэўтыка. Я скончыў першы курс. Па сутнасьці, гэта вельмі цікава.
Я сам дакладна ведаю, што вельмі шмат людзей ня любяць хімію. Я сам, скажу шчыра, не любіў яе ў восьмай клясе, але пасьля зьявілася любоў да гэтага прадмета. Капаюся цяпер у тым, з чаго мы створаныя. Хаця гэта не біялёгія, не мікрабіялёгія, не мэдыцына, але ў тым кірунку. Пачыналася ўсё з гэтага, і вось зараз я фармацэўт.
Безумоўна, я жадаў бы працаваць, ня проста працаваць у галіне хіміі, фармацэўтыкі, зьвязанай з мэдыцынай. Я больш жадаў бы працаваць у навукова-дасьледчай галіне, вывучаць і ствараць новыя мэдычныя прэпараты, працаваць на карысьць людзям. Менавіта гэта цікавае для мяне перш-наперш. Ня быць нейкім проста вінцікам, нейкім колам, якія круцяцца і працуюць, як машына, а быць стваральнікам чагосьці, працаваць дзеля людзей менавіта такім шляхам”.