(Людміла Шастак: ) «Наагул гэта было вельмі неабходна для таго, каб вярнуцца ў сваю прафэсію. Таму што ўжо паўгоду я ня мела магчымасьці займацца журналістыкай у роднай Беларусі. І таму паехаць у “Палітыку”, паехаць у іншую дзяржаву і працаваць як журналіст (нават як стажор) - гэта было вельмі цікава і вельмі добра для разуменьня таго, што трэба рабіць тут.
Я рабіла інтэрвію з рэдактарам свайго аддзелу (я працавала ў аддзеле міжнароднай інфармацыі) і спрабавала знайсьці штосьці агульнае паміж журналістыкай у Беларусі і журналістыкай у Польшчы. Я спрабавала растлумачыць, што ў Беларусі ёсьць дзяржаўная і незалежная прэса, і калі чалавек працуе ў недзяржаўнай прэсе, ён ня можа працаваць па нейкіх сваіх маральных прынцыпах у дзяржаўнай прэсе, што ў нас ёсьць два лягеры... На мяне глядзелі вачыма такімі, што не разумеюць, пра што я кажу.
Як чалавек зь Беларусі, я б магла даваць нейкую інфармацыю пра Беларусь. І мяне вельмі зьдзівіла, што іх насамрэч не цікавіць усё, што адбываецца ў нас. Іх не цікавіць, што робіць Лукашэнка, іх не цікавіць, якая тут палітыка, што тут сацыялізм рынкавы... Іх проста гэта ўжо не цікавіць! І навогул, здавалася б, такая тэма – Лукашэнка зьняў прэм’ера! А яны: “А што адбылося?” Яны мне тлумачаць: “Ты ведаеш, Людміла, гісторыя паказвае, сацыялізм – ён нідзе сябе не рэалізаваў... Адбудаваць дзяржаву моцную, добрую так немагчыма. І таму нам няма сэнсу асьвятляць тыя падзеі, якія ў вас адбываюцца...”
Было вельмі прыкра. Ну як жа так: побач нашыя дзяржавы, Украіна іх цікавіць, Расея цікавіць, Захад таксама цікавіць. А Беларусь не цікавіць! Таму я цэлы месяц спрабавала іх пераканаць, што нельга адной палітыкай абмяжоўвацца, трэба звяртаць увагу на людзей, і я лічу, што гэта ў мяне атрымалася... Гэта мая перамога маленькая такая...
У той жа “Палітыцы” мяне пыталіся: - “А хацела б ты тут застацца, ці дзе б ты хацела жыць?” Я адказвала: “Я хачу вярнуцца на Беларусь. І я тут, каб толькі забраць гэты вопыт, які вы можаце мне даць, дзякуй вам за гэта. І вярнуцца на Беларусь і штосьці рабіць там”.
І вось калі я вярнулася, што зьмянілася ў разуменьні, як трэба працаваць, што трэба рабіць тут, у Беларусі. Па-першае, няма ўжо канфрантацыі ў адчуваньні паміж дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсай. Калі ты можаш сказаць слова, слова праўды, рабі гэта дзе хочаш і дзе зможаш, але каб гэта слова сказаць...
Па-другое, я зьехала з абяцаньнем, што я напішу артыкул пра Беларусь, і ў мяне там нарадзілася ідэя, якім будзе артыкул. Там я зразумела самую галоўную памылку нашай журналістыкі незалежнай: усе артыкулы ідуць на нейкую дрэнную тэматыку. Атрымліваецца, што ўся Беларусь – вялікая-вялікая ахвяра, і тут наагул нічога добрага не адбываецца. І таму калі ты туды прыяжджаеш, да цябе ўжо ставяцца як да ахвяры. Захацелася напісаць такі артыкул, каб паказаць палякам, бліжэйшым суседзям, што мы шмат чаго вартыя, што ў нас ня ўсё так дрэнна, што ёсьць ўлада, а ёсьць і вельмі добрыя людзі. І нельга забываць гэтых людзей толькі таму што палітыка, сацыялізм ні да чаго не прывядзе, а зь Беларусьсю можна будзе штосьці рабіць, толькі калі сыйдзе Лукашэнка.
Можна штосьці рабіць! Было б жаданье. І з гэтым жаданьнем і прыехала, вельмі хачу вярнуцца ў журналістыку, што і буду зараз рабіць. Вельмі хачу пісаць. У нас вельмі добрыя людзі. Таму жыць тут – супэр!