(Бурцава: ) "Месца вельмі прыгожае, архітэктура цудоўная, прыгожа ў самой Вене і навокал, у вёсках, у мястэчках. Дунай тут прыгожы. Атрымала дазвол на працу, працую па спэцыяльнасьці, як вучылася. Спачатку я вучылася ў Менску ў Лінгвістычным унівэрсытэце, правучылася год. Потым паехала ў Баўгарыю ў амэрыканскі ўнівэрсытэт, вучылася 4 гады і атрымала дыплём бакалаўра ў галіне бізнэс-адміністрацыя, мэнэджмэнт. Потым паехала на стажыроўку ў Аўстрыю працаваць на "Philips" і засталася працаваць у Аўстрыі ў іншай кампаніі, на сталай працы. Мой козыр быў – мая адукацыя, добрае веданьне ангельскай мовы. Напэўна, нямецкая мова была найбольшай праблемай, але зараз магу размаўляць даволі свабодна.
Я – камэрцыйны мэнэджэр у кампаніі. Гэта нямецкая кампанія, але ў яе ёсьць філіі ў Аўстрыі, гэта адзін з манапалістаў у галіне энэргетыкі. Мы займаемся ўстаноўкаю абсталяваньня для энэргетыкі. Не ведаю, ці я гэта буду рабіць усё жыцьцё, ці можа трошкі ў іншай галіне буду прцаваць,
Тут у нас ёсьць беларуская суполка. Ёсьць у Вене некалькі чалавек з Беларусі, ёсьць людзі з Граца, зь Лінца, якія любяць размаўляць па-беларуску, мы часам сустракаемся.
Мне падабаецца тое, што тут ёсьць вялікія магчымасьці займацца спортам. Вось мы на сноўбордзе езьдзім узімку, я навучылася нядаўна, раней езьдзіла на лыжах, гэта лыжа – адна, трэба балянсаваць.
Ён аўстраліец, Джон Тонкін, некалі ў ірляндзкім бары пазнаёміліся, потым сустрэліся выпадкова ў горадзе і так сябруем. Ён працуе ў Аўстрыі. Мы паехалі да яго ў госьці, да ягоных родных, яны ў Адэляідзе. У яго даволі вялікая сям'я. Мне падабаюцца аўстралійцы, прыязныя, вельмі цікавіліся, пра Беларусь шмат ня ведалі і таму адразу даставалі атлас і прасілі паказаць, дзе гэта.
Буду працягваць кар'еру рабіць, Можа, пазьней буду займацца больш маркетынгам. Пляную таксама яшчэ паступіць вучыцца ў ЗША ці Канаду, можа ў Аўстралію, каб атрымаць мастэрскую ступень.
Я так думаю, што эканамічна ў нас будучыня ёсьць, што б там не казалі, што мы такія залежныя ад Расеі. Патэнцыял у нашай краіны ёсьць”.