Андрусь Асмалоўскі – карэнны мянчук. Паводле адукацыі – архітэктар, але ўжо чацьвёрты год працуе тэхнічным каардынатарам адной з грамадзкіх арганізацыяў. Мяркуе, што праз грамадзкую працу ён будзе больш карысны грамадзтву. А таксама ён перакананы, што цяперашняе становішча ў краіне не настолькі цяжкае, каб яго нельга было зьмяніць да лепшага. Гаворыць Андрусь Асмалоўскі.
(Асмалоўскі: ) “Пэўны час спрабаваў сумяшчаць маю грамадзкую дзейнасьць з працай па сваёй непасрэднай спэцыяльнасьці – архітэктура, прамысловае й грамадзянскае будаўніцтва. Пэўны час спрабаваў працаваць архітэктарам у камэрцыйнай арганізацыі, але я не магу абыякава глядзець на тую грамадзка-палітычную сытуацыю, якая ёсьць у нашай краіне, на абыякавасьць да свайго лёсу, да лёсу сваіх дзяцей і будучыні. І таму я лічу, што сваёй грамадзкай дзейнасьцю я змагу прынесьці значна больш карысьці й палепшыць гэтую сытуацыю. Акрамя таго, дзейнасьць нашых грамадзкіх арганізацыяў мусіць быць скіраваная на актывізацыю нашага насельніцтва: стымуляваньне іх да адстойваньня сваіх правоў, натхняць іх да таго, што сытуацыю можна зьмяніць да лепшага й што гэта ня самая складаная праблема, якую перажываў беларускі народ.
У асабістым пляне я сваім жыцьцём задаволены – ёсьць свая сям'я – жонка з сынам, якому споўнілася тры гады. А незадаволены тым, што шмат абмежаваньняў з боку дзяржавы адносна рэалізацыі асабістых ідэяў, асабістых камэрцыйных і прадпрымальніцкіх праектаў. Мае пляны – працаваць у трэцім сэктары й дапамагаць людзям разьбірацца ў той сытуацыі ў якой усе мы апынуліся, а гэтаксама падвышаць адукацыйны ўзровень людзей. Я пажадаў бы маладым людзям не адчайвацца й спрабаваць сябе ў розных сфэрах дзейнасьці”.