Ільля Пячынін з Горадні. Беспрацоўны. Актывіст незарэгістраванага анархісцкага руху “Канфэдэрацыя дзеючых суполак”. Захапляецца літаратурнай творчасьцю Гайнрыха Бёля, шукае ў ягоных кнігах паралелі зь сёньняшняй Беларусяй.
(Пячынін: ) “Я задаволенны сваім жыцьцём, бо я маю ўсё, што жадаю. Адначасна я не задаволены сваім жыцьцём, бо я ня маю таго, што мне патрэбна. Часам мне патрэбныя матэрыяльныя рэчы – кампутар. Ёсьць жаданьне напісаць музыку. Ведаеш, што без кампутара гэтага ня зробіш, а кампутара пад рукою няма. Адчуваецца дыскамфорт. Часам мне патрэбны душэўны спакой, каб аб’ектыўна паглядзець па рэчаіснасьць. Не хапае й неспакою, калі жыцьцё ідзе, а нічога не адбываецца. Мяняў працы, месцы навучаньня мяняў, мяняў месцы жыхарства. Усе, што я хачу зьмяніць, я пытаюся зьмяніць. І гэта працэс настолькі істотны, наколькі істотны й той вынік, да якога я імкнуся.
Я лічу, што ў Беларусі можна быць шчасьлівым.
Я не дасягнуў аніякага посьпеху й не пазьбегнуў тых памылак, якіх можна было пазьбегнуць. Але я ні аб чым не шкадую. Каб дасягнуць посьпеху, трэба быць самім сабой, ніколі не хлусіць самому сабе. Гэта амаль немагчыма, але да гэтага патрэбна імкнуцца. Не рабіць такіх рэчаў, пасьля якіх мне было бы сорамна за сябе. Крывадушша – гэта рэч, за якую мне бывае сорамна.
Тут і цяпер – гэта мой дэвіз.
У мяне няма ідэалаў, але ёсьць людзі, якіх я вельмі паважаю. Іх жыцьцёвы лёс падаецца мне блізкім. Пракладам, Ісус Хрыстос. Як падлеткавае захапленьне – Эрнэста Чэгевара.
Я прачытаў кнігу Гайнрыха Бёля. Мне падабаецца ягоны крытыцызм да рэчаіснасьці ў паваеннай Нямеччыне. Я лічу, што гэтая праблема актуальная й для нас. Ён крытыкуе людзкое крывадушша.
Сёньня слухаў Pink Floyd. Гэта музыка настройвае мяне на цікавыя думкі. Думкі аб жыцьці й сьмерці, аб праўдзе й крыўдзе, аб месцы чалавека ў таталітарнай дзяржаве”.