Павал Красоўскі. Жыве ў Жодзіне. Лідэр мясцовай суполкі Маладога фронту і кіраўнік грамадзкай экалягічнай арганізацыі “Экаскоп”. Перакананы прыхільнік дэмакратычных ідэяў, стварэньня ў Жодзіне масавага моладзевага руху.
(Красоўскі: ) “Я быў прыхільнікам, калі яшчэ ня ведаў, што ёсьць нейкія грамадзкія аб’яднаньні. Некалі я чуў, што ёсць Малады фронт, які выпускае нейкія касэткі, выходзіць на вуліцы. Але ў чым сэнс гэтага, у чым мэты іхных дзеянньяў, я слаба разумеў.
З другога боку, я вырас у сям’і, дзе абмяркоўваліся дэмакратычныя ідэі. Мой дзед быў кіраўніком БНФ у Ігумене. І я падумаў: хто калі не я? І я знайшоў сябе. І зараз вось ужо тры гады займаюся грамадзкай дзейнасьцю.
Я адчуваю, што за мной пойдзе моладзь. У нас моладзь была ня вельмі актыўная. Яна і зараз ня вельмі актыўная. Трэба яе аб’ядноўваць, трэба гуртаваць, каб яна не пасіўна гуртавалася каля пад’ездаў, а аб’ядноўвалася. Каб дасягнуць нейкіх сваіх мэтаў. Нават калі гэтыя мэты не зьвязаныя наўпрост з дэмакратызацыяй. Напрыклад, калі за мэту ставіцца абуладкаваньне дзіцячай пляцоўкі. Трэба такіх людзей аб’яднаць і скіраваць у правільным накірунку.
Таму я лічу, што ў Жодзіне трэба абуджаць моладзь да актыўных дзеяньняў. Бо, калі пачнуцца некія палітычныя падзеі, гэтыя рухі пачнуць расшатваць “вэртыкаль”, якая існуе ў нас. Нам будзе прасьцей дамагчыся сваіх мэтаў, зьмяніць уладу ў нашай краіне, у нашым горадзе.
А што тычыцца пэрспэктыў, то для нас гэта асноўнае пытаньне. Бо наперадзе – парлямэнцкія выбары, прэзыдэнцкія. Трэба рыхтавацца і працаваць на палітычныя кампаніі.
Я лічу, што наша Жодзіна – прыгожы горад. Але яго трэба эўрапеізаваць – зрабіць больш эўрапейскім. Бо, зразумела, у нашым горадзе замкаў не пабудуеш, вежаў, ратушу не ўзьвядзеш. Нам трэба зрабіць наш горад прывабным у вачох жыхароў Беларусі. Каб яны глядзелі на яго як на прыклад.
У Жодзіна – вялікі патэнцыял. Жодзінцы вызначаюцца ў многіх сфэрах. Напрыклад, наша жодзінская футбольная каманда займае першае месца ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Нашы вучні займаюць у краіне першыя месцы на алімпіядах, напрыклад, па хіміі. Трэба зрабіць, каб Жодзіна быў аўтаномным горадам. Трэба зрабіць так, каб нашы БелАЗы – Беларускага аўтазаводу – сталі канкурэнтназдольнымі аўтамабілямі. Каб яны ішлі ў Эўропу, а не ў Японію на металалом”.