Зьміцер Моўчан, 25 гадоў. Жыве ў Нью-Ёрку, тры гады таму выехаў у ЗША з Полацку, дзе вучыўся на эканаміста ў мясцовым універсытэце.
(Моўчан: ) "Зараз працую на "Federal express" (Fedex) – гэта пошта. Вельмі нядрэнная праца. Я атрымліваю пакеты ў тэрмінале, еду на так званую "каарзону" – гэта Бруклін , Мангэтэн, Куінс, Бронкс. Кожны супрацоўнік абслугоўвае нейкі пэўны раён. Я маю раён Вэстсайд у Мангэтэне, ад 96-й да 120-й вуліцы. Маю пакетаў 100-120 кожны дзень. Цяжкая праца, я прыхожу на працу ў 7 гадзін раніцы і прыяжджаю ў тэрмінал толькі ў 7 гадзін вечара. Цяжка тым, што ня кожны пакет лёгкі. Цэлы дзень ты працуеш, на абед маеш 15 хвілін. Няма ніякага начальніка, які сядзіць побач з табой і пастаянна кіруе табою. Ты адзін працуеш, ты ведаеш, куды табе патрэбна ехаць, дзе ты будзеш, што ты будзеш рабіць. Ты сам складаеш графік працы.
Пэрспэктыва адна пакуль што – зарабіць грошы. А потым можна стаць мэнэджэрам у "Fedexe", але для гэтага патрэбна добра ведаць мову.
Я працую на кагосьці. Тут ёсьць такія спосабы заробку – ці ты працуеш на кагосьці, на якога-небудзь чалавека і ён табе плаціць грошы, ці ты можаш працаваць сам. Ты павінен купіць свой трак, і яны табе будуць даваць пакеты і ты будзеш развозіць. Я ўжо сабраў грошы і на гэтым тыдні я ўжо буду мець трак. Трак – гэта невялікі грузавік, у якім я буду вазіць пакеты. Я купляю яго для таго, каб стаць незалежным кантрактарам, потым магу каго-небудзь узяць да сябе на працу. Я буду працаваць сам на сябе.
Падабаецца тое, што тут ёсьць пэрспэктывы. Ты можаш паставіць сабе мэту і дасягнуць яе. Тут шмат свабодаў – эканамічных, палітычных, сацыяльных. Тут, у Амэрыцы, ты можаш рэалізаваць сябе, што не адчуваецца ў Беларусі.
Я бываю ў Фундацыі Крэчэўскага і там сустракаюся зь беларусамі. Я спрабую назіраць за сытуацыяй у Беларусі, купляю газэты. Беспрадзел у Беларусі, ня хутка мы яшчэ вылезем з гэтай сытуацыі.
Усё-такі не шкадую, таму што якая пэрспэктыва ў нас у Беларусі зараз? Ні якой, Лукашэнка ўсё заціснуў. Кар'ера? Быў бы я эканамістам, сядзеў бы ў офісе, зарабляў бы – нічога. І як мне маладому жыць у Беларусі на 100 даляраў? Тут я магу зарабіць болей грошай і магу пабудаваць сваё жыцьцё.
Але, грошы грашыма, а Радзіма – Радзімай!"