Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Калюжная



Натальля Калюжная з Наваполацку. Натальлі 19 гадоў, яна працуе рэпартэркай на мясцовым тэлебачаньні і вучыцца завочна ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь. Натальля захапляецца гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага. Сярод яе ўлюбёных пісьменьнікаў – Вацлаў Ластоўскі, Уладзімер Караткевіч ды Ўладзімер Арлоў. Яшчэ адно яе захапленьне – ірляндзкая этнамузыка, а таксама музыка беларускага гурту “Стары Ольса”.

(Калюжная: ) “Калі казаць наагул, дык я задаволеная, ці амаль цалкам задаволеная сваім жыцьцём. Упершыню мне пашчасьціла тады, калі я нарадзілася на Полаччыне. Лічу, што гэта духовы цэнтар нашае краіны, ці, як сёньня кажуць, ейны энэргетычны патэнцыял. Мне таксама пашчасьціла мець добрых бацькоў, настаўнікаў. Я даўно заўважыла: мне заўсёды шанцуе на добрых суседзяў, калегаў, сяброў. Але больш за ўсё я ўдзячная Богу за маю прафэсію, бо журналістыка адчыніла мне дзьверы ў самыя цікавыя мясьціны нашага рэгіёну. Гэта гістарычныя й моладзевыя клюбы, студыі мастакоў і нават падвалы цэркваў, манастыроў, кляштараў, бо менавіта там я шукала падземныя хады горада.

У сваім жыцьці я б хацела зьмяніць некалькі рэчаў, ну а мае жаданьні даволі празаічныя. Па-першае, я ўсё ж такі хачу дасканала вывучыць ангельскую мову. Па-другое, хацела б убачыць нясьвіскі замак, бо сёньня ўяўляю яго толькі па фотаздымках ды нейкіх перадачах па тэлебачаньні. І трэцяя мая мара – але гэта на сёньняшні дзень сапраўды толькі мара – пачаць займацца конным спортам. Мяне заўсёды пряцягвалі высокія, моцныя коні, мне заўсёды хацелася быць адной з тых прыгожых дзяўчатаў, якія так лёгка гарцуюць на іх. Але, як кажуць журналісты, гэта ўсё мары, і як там будзе – пакажа час.

Сваім аднагодкам і равесьнікам хачу параіць толькі аднаго: любіць сваю краіну, свой горад, вёску. Я лічу, што посьпех у жыцьці і кар’ера залежаць ад таго – якія, прымітыўна кажучы, пачуцьці мы адсылаем у паветра. Нельга быць шчасьлівым ў краіне, якая табе не прывабная. Тут чалавек папросту ня будзе мець посьпеху. Таксама лічу, што ў жыцьці трэба спадзявацца толькі на сябе. І яшчэ адзін “рэцэпт” посьпеху – гэта ўпэўненасьць у сваіх сілах, ўпэўненасьць у тым, што ты ўсё зможаш і пераадолееш”.
XS
SM
MD
LG