Алесь Тарасаў. Будучы філёляг, настаўнік беларускай і расейскай мовы і літаратуры. Захапляецца музыкай розных кірункаў, акрамя электроннай. Любіць кампутары і аўтаспорт. Зачытваецца Ўладзімерам Караткевічам, Васілём Быкавым, Трумэнам Капотам і Эдгарам По. Алесь зараз заняты стварэньнем і рэгістрацыяй моладзевай грамадзкай арганізацыі.
(Алесь Тарасаў: ) “Я лічу, што з моладзьдзю перш за ўсё трэба працаваць, бо ў нас ня так шмат арганізацыяў, якія працуюць з моладзю, ня так шмат незалежных арганізацыяў, якія працуюць менавіта са студэнцкай моладзьдзю. Той жа самы ЗБС не ахоплівае ўсю студэнцкую моладзь. Але я лічу, што зьмяніць існуючае становішча можна толькі тады, калі грамадзяне сябе асэнсуюць, па-першае, выбарнікамі; па-другое, падаткаплатнікамі. Каб яны зразумелі, каб у іх быў досьвед, што калі чалавек працуе, ён плоціць падаткі і павінен ведаць, куды ідуць гэтыя падаткі. Каб ён меў рэальнае права, а ня толькі напісанае на паперы – выбіраць прадстаўнікоў у кіраўнічыя органы, тых, якім ён давярае, якія, ён лічыць, могуць вывесьці краіну з крызысу, якія карыстаюцца даверам, папулярнасьцю ў насельніцтва. Калі ва ўладзе будуць тыя людзі, зь якіх можна спытаць...
Я лічу, што галоўная памылка, якую дапускаюць палітыкі, іншыя грамадзкія дзеячы – гэта тое, што яны лічаць: вось калі мы прыйдзем да ўлады, то усё адразу зьменіцца. Напрыклад, тую ж беларускую мову нельга прынесьці ў народ толькі нейкім заканадаўчым шляхам, нават калі пакінуць адну беларускую мову, ніхто на ёй адразу размаўляць ня стане. Гэта павінна быць велізарная культурная праца. Калі ў шапіках будуць прадавацца ня толькі некаторыя газэты ці падручнікі, дапаможныя матэрыялы, надрукаваныя па-беларуску, а калі будзе больш на тэлебачаньні, на радыё цікавых перадач, больш будзе цікавых кніжак, касэтаў, відэа – тады і народ сам зразумее, што для яго патрэбна.
Мне здаецца, што кожны чалавек, які здольны крытычна мысьліць, ён у пэўнай ступені не задаволены сваім жыцьцём. Гэта, можа, і ёсьць асноўнай крыніцай прагрэсу... Бо калі чалавек цалкам задаволены, то ён ляжыць на канапе, глядзіць тэлевізар, ці чытае газэту, ад гэтага нічога ня зьменіцца...
Мне хацелася б адчуваць сябе, так бы мовіць, загадчыкам свайго жыцьця, каб усё тое, што я раблю, яно нейкім чынам адбівалася на жыцьці грамадзтва”.