Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Лялевіч



Ян Лялевіч з Горадні. Сёлета скончыў гістарычны факультэт Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Захапляецца фатаграфіяй.

(Лялевіч: ) “Я лічу сябе ліцьвінам. І гэта для мяне ня проста нейкае азначэньне, якое адрозьніваецца ад слова “беларус”. А гэта ёсьць цэлы комплекс якасьцяў і сьветапогляд чалавека. Гэта стан духу, сьвядомасьці. Ліцьвіны – гэта гістарычна сфармаваная нацыя. Нацыя, якая мае свае постаці і сымбалі – гэта сьвятая “Пагоня” й чырвоны крыж на белым полі.

Маё жыцьцё мяне цалкам задавальняе. Ніякіх прэтэнзіяў нават да свайго лёсу ў мяне няма. Ня тое, каб я сам сабе падабаўся, але трэба прызнацца, што ладзіцца зусім ня кепска па жыцьці. Я ад жыцьця шмат не патрабую. Стараюся да жыцьця ставіцца рацыянальна. Пакуль усе мае рацыянальныя задумы выконваюцца. Скаргаў на жыцьцё ў мяне адбасютна няма.

Хацеў бы хіба зьмяніць глыбокае “я” нашых людзей. Каб яны імкнуліся зразумець сябе, зразумець свае карані, каб яны сталі сабою. І тады, мяркую, ня будзе такіх праблемаў, якія маем цяпер з той жа самай мовай.

У вырашэньні надзённых праблемаў пакладаюся таксама на свае мажлівасьці. І ўсе мае высілкі будуць скіраваныя, каб дасягнуць жаданых мэтаў. Што залежыць ад уладаў? Банальнае: каб улады не перашкаджалі. Калі яны ня могуць зрабіць нечага станоўчага, хай яны ня робяць нэгатыўнага. Хай папросту не перашкаджаюць.

Баюся, што не пасьпею зрабіць таго, што мне было нададзена звыш. Баюся проста чагосьці не дарабіць, ня скончыць да канца справы. Мне нададзена звыш быць простым Божым стварэньнем, якое імкнецца ўшляхетніць гэты навакольны сьвет. Нададзена таксама быць асобай, якая пакіне значны, маю надзею, станоўчы сьлед у гісторыі нашага краю, нашай Бацькаўчыны.

Мой дэвіз па жыцьці: усё што ні робіца, усё робіцца да лепшага.

Маім аўтарытэтам зьяўляецца знакаміты заходнебеларускі ксёндз Адам Станкевіч. Гэта маральны аўтарэтыт тагачаснага заходнебеларускага грамадзтва. Асоба, якая змагалася за беларусі касьцёл, за веру беларусаў. Для мяне Адам Станкевіч зьяўляецца той асобай, на якую варта раўняцца.

Слухаю добры стары беларускі рок: “Мроя”, “Бонда”. Хай не крыўдуе Лявон Вольскі, але на мой погляд тая музыка, якая была 10 год таму, была куды больш прадуманая, куды больш інтэлектуальнай і куды больш дарослай”.
XS
SM
MD
LG