Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Лапіцкі



Віктар Лапіцкі – карэнны гамяльчук. Працуе ў музычнай краме й займаецца прадусаваньнем мясцовых музычных гуртоў. Катэгарычна ня згодны зь цьверджаньнем, што ў Беларусі няма шоў-бізнэсу, хоць кажа, што працаваць на гэтым рынку вельмі няпроста. Перакананы, што грамадзкая актыўнасьць моладзі – той мэханізм, які здолее зьмяніць жыцьцё ў краіне да лепшага. Сёньня Віктар Лапіцкі разважае пра сучаснасьць і будучыню Беларусі.

(Лапіцкі: ) “Ёсьць такая думка, што шоў-бізнэсу няма ў Беларусі. Але гэта не зусім так, бо робяцца нейкія імпрэзы, канцэрты, фэстывалі, выпускаюцца дыскі й касэты. Гэта ня вельмі вялікі ўзровень, але займацца гэтым магчыма. Іншая рэч, што немагчыма зрабіць грошы. Таму гэтым займаюцца, у асноўным, фанаты гэтай справы. Увогуле не задавальняе шмат што, бо калі ты распачынаеш нейкую справу, то няма ўмоваў, якія дапамагаюць гэта рабіць, але ёсьць шмат рэчаў, якія перашкаджаюць. А задавальняе спадзяваньне, што праз 10 гадоў усё, магчыма, зьменіцца. Час ад часу я бываю ў іншых краінах, бачу, як людзі жывуць там, і хацелася бы зрабіць штосьці гэтага ж кшталту. Да прыкладу, тую працу, якую яны праводзяць з моладзьдзю – гэта вялікая розьніца ад таго, што робім мы. Бо яны маюць усе магчымасьці для разьвіцьця. Мы ў нашай краіне ня маем такіх магчымасьцяў, але хацелася бы, каб яны былі, хаця бы празь дзесяць гадоў. Халелася бы займацца менавіта музычнай справай і за гэта атрымоўваць дастаткова грошай, каб можна было займацца толькі музыкай. Каб не працаваць дзесьці ў іншым месцы й не распыляцца на іншыя справы, а займацца сваім улюбёным заняткам прафэсійна. Цяперашнім уладам я бы пажадаў менш займацца папяровай працай, а больш рэальнай з канкрэтнымі людзьмі. Бо яны час ад часу прымаюць нейкія прапановы, вяртаюць паперы з подпісам “выканана”, а насамрэч усё гэта робіцца толькі на паперы. У выніку для моладзі няма аніякай карысьці ад такой працы. А моладзі я бы пажадаў, каб яны ўдзельнічалі ў грамадзкім жыцьці, бо, калі ніхто нічога ня будзе рабіць, то нічога й не атрымаецца. Калі ўсе будуць думаць, што я нічога не магу зрабіць сам – гэта кепска, бо мы можам зрабіць штосьці. І павінны гэта зрабіць сваімі рукамі, толькі тады можна будзе зьмяніць штосьці да лепшага”.
XS
SM
MD
LG