Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Арынкіна


Любоў Арынкіна, жыве ў Бабруйску. Працуе сацыяльным пэдагогам у Цэнтры выхаваўчай работы “Росквіт”. Восем гадоў таму арганізавала валанцёрскі рух у сваім горадзе, і за гэтыя гады арганізацыя разраслася амаль у 10 разоў. А нядаўна ў Бабруйску адбыўся грандыёзны гарадзкі фэстываль валанцёраў.

(Любоў Арынкіна: ) “Нам удалося ўпэўніць гарадзкія ўлады, што слова “валанцёр” – гэта цалкам прыстойнае слова. Мы працуем па праграме “Адкрытае сэрца” разам з валанцёрскім цэнтрам “Крок насустрач” Міжнароднай грамадзкай дабрачыннай арганізацыі “Надзея-экспрэс” усе гэтыя 8 год. Але нас не настолькі многа, каб задаволіць патрэбы ўсіх, хто зьвяртаецца да нас па дапамогу. І таму з мэтай прыцягненьня грамадзкай увагі да гэтай праблемы, з мэтай павелічэньня колькасьці валанцёрскіх атрадаў у нашым горадзе было вырашана правесьці фэстываль. Ідэя гэтая зьявілася яшчэ на пачатку году, а тут прадаставілася магчымасьць атрымаць і фінансавую падтрымку ад Беларускай школы лідэраў. Я напісала свой праект, які быў падтрыманы.

Гэты фэстываль праводзіўся ў тры этапы. Атрымалася 24 валанцёрскія атрады, якія пажадалі прыняць удзел у фэстывалі, гэта амаль 600 чалавек. Быў тыдзень добрых спраў, у нас пачаліся дабрачынныя акцыі па ўсім горадзе. Гэта і экалягічныя акцыі, і дабрачынныя канцэрты для пажылых людзей па ўсім горадзе, і дабрачынныя канцэрты ў сацыяльных установах, і цырульныя паслугі для дзяцей-сірот з сацыяльнага прыюту, і паслугі па пашыву і рамонту адзеньня... У нашым цэнтры працуе шмат гурткоў, якія займаюцца раскроем і пашывам адзеньня.

У нас панавала такая атмасфэра радасьці і дабра, усе былі настолькі задаволеныя, што прынялі ўдзел ў гэтым фэстывалі, прасілі, каб такія фэстывалі сталі традыцыйнымі. Канечне, мы цяпер будзем праводзіць такія фэстывалі кожны год... А для новых створаных груп валанцёрскіх хочам увосень правесьці навучальны сэмінар, хацам запрасіць трэнэраў і, магчыма, будзем супрацоўнічаць з валанцёрамі з Варшавы.

Вы ведаеце, калі ты чалавеку робіш дабро, ты сам становішся дабрэйшы. І атрымалася так, што ў гэтым фэстывалі ўдзельнічала ўся мая сям’я. Я падключыла і свайго мужа, і сваё дзіця. Муж праводзіў Спартляндыю, ён у мяне добры спэцыяліст, працуе ў гімназіі для дзяцей-інвалідаў, сын удзельнічаў у канцэртах ў прыюце і ў школе для дзяцей з слабым слыхам.

Напэўна, валанцёрам можа быць той чалавек, які нарадзіўся ім. Таму што гэта ня можна набыць. Калі гэта ў цябе ў сэрцы, у цябе ў душы, ты будзеш гэта рабіць. Калі ў цябе гэтага няма, гэта ўжо не ўкладзеш. Гэтаму навучыцца немагчыма, што ёсьць – то ёсьць.

Зьмяніць? Напэўна, зьмены каб адбыліся такія, каб наша грамадзтва стала больш свабоднае, каб нашым дзецям жылося лепей, каб ня так заціскалі, каб не было тых забаронаў, якія існуюць зараз. Таму што, калі цябе ціснуць з усіх бакоў, разьвівацца ў пэўнай ступені, як табе дадзена Богам, напэўна, немагчыма”.
XS
SM
MD
LG