Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Радаслаў Бушко



Павал Радаслаў Бушко, родам з Гайнаўкі, што пад Беластокам у Польшчы. Захапляецца беларускай музыкай – асабліва любіць “НРМ”. Адзін з арганізатараў “Басовішча” – штогадовага фэстывалю беларускай музыкі ў Польшчы. Студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэту, міжфакультэтнага аддзяленьня гуманістычных навук. Сыстэма адукацыі ў Польшчы адрозьніваецца ад беларускай. Ва ўнівэрсытэце Павал сур’ёзна вывучае адразу дзьве спэцыялізацыі – антрапалёгію і этнаграфію.

(Бушко: ) “Гэта не сацыялёгія, гэта факультэт, які ўвасабляе ў сабе шмат грамадзкіх навук гуманістычных, пачынаючы ад сацыялёгіі, цераз нейкія элемэнты эканомікі, цераз псыхалёгію аж да антрапалёгіі і этнаграфіі. Вядома, ня кожны студэнт мусіць вывучаць гэтыя ўсе кірункі. На першым годзе навучаньня кожны студэнт ходзіць на такія самыя заняткі, а пасьля першага году, на другім, на трэцім кожны студэнт выбірае сабе напрамак, які яго націкавіць найболей, ну і стараецца ў гэтым напрамку ісьці далей, аж да працы магістарскай. Гэта адзін факультэт. Апрача таго, вучуся ў інстытуце этналёгіі і антрапалёгіі. Гэта таксама мне па душы. Хаця на першы погляд гэтыя два факультэты даволі падобныя, але пасьля некалькіх гадоў вучобы бачу, як па-рознаму можна глядзець на адны і тыя ж рэчы.

З аднаго боку гэта добра, бо маю большы кругазор, большы сьветапогляд, не абмяжоўваюся толькі адной пэрспэктывай. З другога боку, гэта дрэнна, бо гэта ўсё інтэрфэруе, і цяжка мне, як палякі гавораць, “раздвоёнасьць”.

Думаю, што цікавейшым кірункам для мяне – але гэта не азначае, што там больш пэрспэктываў працаўладкаваньня – але лепшым кірункам для мяне ёсьць антрапалёгія.

Антрапалёгія цікавая яшчэ і таму, што кожны студэнт антрапалёгіі вымушаны, абавязаны зрабіць лябараторныя працы. Кожны студэнт летам едзе з магнітафонам, найчасьцей у вёску, 5 выездаў па 2 тыдні. Гаворым зь людзьмі, і на аснове матэрыялаў, якія запісваем, пішацца праца. Гэта цікава, таму што маем выезды ў розныя куточкі Польшчы. Студэнты таксама езьдзяць у Літву, Беларусь, Македонію і ў Казахстан.

Я менавіта паехаў у Літву. Гэта Віленшчына, мястэчка Дзівенішкі. Гэта цікавыя мясьціны, хаця гэта Рэспубліка Літва, але з чатырох бакоў гэтае мястэчка і ваколіцы акружаны мяжой зь Беларусьсю. Людзі, вядома, гавораць па-беларуску, хаця яны лічацца альбо палякамі, альбо літоўцамі. Сапраўды цікавыя месцы. І думаю, калі хтосьці, нават не зьбіраючыся рабіць нейкай навуковай працы, хоча паехаць у нейкае цікавае месца, тады прапаную, каб выбраўся менавіта ў Дзівенішкі. Увогуле, памежжа, граніца – гэта вельмі цікава.

Напэўна, кожны студэнт антрапалёгіі можа працаваць у нейкім музэі, калі знойдзе работу і калі гэтая праца будзе яму па душы. На цяперашні момант пакуль сапраўды ня ведаю, што буду рабіць і дзе працаваць. Думаю, цяжка будзе знайсьці працу, якая будзе адпавядаць маёй адукацыі”.
XS
SM
MD
LG