Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Марозька



Віталь Марозька, 18 гадоў. Сёлета скончыў Менскі ліцэй №1 і будзе паступаць у Мэдычны ўнівэрсытэт. Марыць стаць вайсковым лекарам. Віталя часта можна сустрэць на літаратурных імпрэзах. Акрамя таго, ён актыўны ўдзельнік скаўцкага руху.

(Марозька: ) “Мая беларускасьць зьявілася не на пустым месцы. Вялікі ўклад у разьвіцьцё беларускай мовы маёй унёс мой настаўнік гісторыі Беларусі Яўген Яўгенавіч Калубовіч. Празь яго дапамогу я сустракаўся зь беларускімі пісьменьнікамі. Мы хадзілі разам зь ім на нейкія імпрэзы, дзе я грунтоўна навучаўся гутарыць па-беларуску. Таму гэта мне было вельмі цікава, я знаёміўся са шматлікімі новымі людзьмі. Асабліва мяне цікавіла тое, што гэта была беларуская інтэлігенцыя, якія амаль усе размаўлялі на беларускай мове.

Я даўно займаюся спортам. Ну апошні мой від, я займаўся рукапашным боем. Гэта таксама ў скаўтынге. Таму, што скаўт у перакладзе з ангельскай мовы – гэта разьведчык. Таму для кожнага разьведчыка патрэбна быць знаўцам хаця б нейкіх прыёмаў, каб самога сябе ахаваць. Няшмат выпадкаў было, калі мне менавіта мае трэніроўкі па рукапашным боі ці іншых адзінаборствах спатрэбіліся. Але таксама бывала, што прыходзілася заступацца і за дзяўчыну, і так недзе… Калі якога-небудзь малога хлопчыка якія-небудзь дзецюкі дарослыя білі, ці яшчэ што-небудзь зь ім рабілі. Я такі чалавек, што для мяне павінна ўсё быць па-дабразычліваму, не са злосьцю. Як некаторыя маладыя людзі робяць у нашай краіне.

Каб стаць сапраўдным скаўтам, трэба прайсьці некаторыя іспыты. Дзеля гэтага патрэбна знаходзіцца тры дні амаль што бязь ежы, без вады. На гэтыя тры дні, на іспытах гэтых, нам даваліся тры запалкі, зразумела, што сьцізорык, літар вады і паўбуханкі хлеба. І ўсё, болей мы нічога ня мелі. Трэба было разьвесьці касьцёр. Потым трэба было злавіць нейкую рыбіну. Але таксама прыходзілася лавіць яе амаль што голымі рукамі.

Таксама, калі гэта рэчка Прут у Малдове, гэта граніца Малдовы з Румыніяй, да нас прыходзілі малдоўскія пагрнаічнікі. Мы, маладыя хлопцы, вучылі іх разьбіраць і зьбіраць аўтаматы Калашнікава. Якія яны… мелі магчымасьць толькі стрэльнуць у неба, але разьбіраць-зьбіраць, ці нават чысьціць яны ня ведалі як. Гэта вельмі цікавіла беларускую моладзь. Таму, што… хоць у нас і не такая ўзброеная краіна, але беларускія школьнікі, напэўна, кожны ведае, якім чынам зьбіраецца аўтамат Калашнікава.

Я не маю плянаў касіць ад войска. Таму, што мне вельмі хочацца пайсьці ў ВДВ, спэцназ. Гэта пятая асобая рота, якая знаходзіцца ў Мар’інай Горцы. Гэта вельмі прыемныя войскі. Проста гэта выпрабаваньне яшчэ адно ў маім жыцьці для мяне самога”.
XS
SM
MD
LG