Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Камароўская


Вольга Камароўская жыве ў вёсцы Арэшкавічы Пухавіцкага раёну. Яна сёлетняя выпускніца мясцовай школы. Вольга намерваецца паступіць у адну зь менскіх ВНУ, атрымаць адукацыю фальклярысткі, каб прапагандаваць народную культуру, у тым ліку сярод дзяцей і моладзі. Любіць слухаць “Палац”, “Ветах”, “Ліцьвіны”, чытае “ЛіМ”, любіць творы Глёбуса й Караткевіча.

(Камароўская: ) “Вёска нашая маленькая, і цяпер я толькі назіраю яе заняпад. У нас вельмі шмат працы, бо заробкі малыя й жывем мы толькі коштам падсобнай гаспадаркі. Гэта дзьве каровы, чацьвёра сьвіней, гусі, куры, качкі, некаторыя нават коней трымаюць. Нашай сям'і ў гэтым сэнсе лягчэй, бо свой трактар маем. Культурны цэнтар у нас адзіны – гэта клюб. Але адпачынку там амаль ніякага няма. І мне падаецца, што нашая моладзь у вельмі глыбокім крызысе. Будучыні ў Арэшкавічах я ня бачу аніякай і, пэўна, пасьля ня будзе. Патрэбныя рэформы, бо розьніца паміж адукацыяй і адпачынкам у гарадзкіх і вясковых дзяцей вельмі вялікая. Бо ў гарадзкіх вучняў шмат больш магчымасьцяў. Напрыклад, яны могуць схадзіць у тэатар, кіно, наведаць бібліятэку, той жа інтэрнэт. У нас такіх магчымасьцяў няма. Амаль у кожнай школе ёсьць нейкія профільныя клясы. У нашай жа вёсцы навучаньне ідзе, пэўна, на найніжэйшай ступені й ніякіх штуршкоў, значных рэфармаваньняў няма. І калі паступаць, да прыкладу, у ВНУ, то ніякай падрыхтоўкі ў нас няма. Што мы бачым тут ў вёсцы? Акрамя сваіх гаспадарак і акрамя п'яных сяброў у клубе мы нічога ня бачым. Шкада толькі, што гарадзкія ня цэняць таго, што маюць. Мне падаецца, што пакуль ёсьць час, трэба наведаць усё што можна, пабываць усюды, пачуць усё. Запісаць усё гэта, неяк запомніць, сабраць нейкую сваю картатэку ў памяці, бо ўсё гэта, канечне, спатрэбіцца.

У дарослым жыцьці я бачу сябе фальклярысткай, бо хачу зьвязаць сваё жыцьцё з гэтай прафэсіяй. Я хачу прывіваць малым дзецям любоў да сваіх каранёў празь песьні, абрады, звычаі. Вось гэта, мне здаецца, першая ступень самапавагі, павагі да сваёй радзімы й мовы. Грамадзкае жыцьцё ў нашай краіне цяпер вельмі хвалюе, бо мы ягоная частка й адчуваем на сабе абавязак нейкіх зьменаў ці непасрэднага ўдзелу ў гэтых зьменах. Слухачам “Свабоды” жадаю, канечне ж, зьвяртацца да сваіх каранёў, да сваёй мінуўшчыны. Ведаць свой радавод і ганарыцца імі. І наагул пра сябе, пра сваю краіну трэба ведаць усё”.
XS
SM
MD
LG