Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юля Сасноўская



Юля Сасноўская, 19 гадоў. Жыве ў Менску, вучыцца ў Лінгвістычным унівэрсытэце, вывучае ангельскую і швэдзкую мовы.

(Сасноўская: ) “Я даўно цікаўлюся скандынаўскімі краінамі, іх культурай, гісторыяй, і таму я вывучаю швэдзкую мову. У мяне шмат знаёмых у Швэцыі, у Фінляндыі таксама, я зь імі маю добрыя зносіны і практыкую сваю швэдзкую мову.

Я б хацела стаць перакладчыкам, у мяне спэцыялізацыя ва ўнівэрсытэце. Зь дзяцінства мне чамусьці здавалася, што гэта вельмі цікавая праца – перакладаць з адной мовы на другую. Я сапраўды люблю замежныя мовы, бо гэта дапамагае мне мець зносіны зь людзьмі зь іншых краінаў. Мне будзе цікава гэтым займацца. Перакладаючы на беларускую мову, я буду падтрымліваць сувязі беларускага народу зь іншымі народамі.

Я памятаю, як будучы яшчэ ў дзіцячым садку, я прыйшла да мамы і спытала, чаму ангельцы размаўляюць па-ангельску, а беларусы па-расейску. Я цяпер дакладна ня памятаю, што мне адказала мама, але на мяне гэта вельмі паўплывала і, я думаю, менавіта з таго часу я пачала шанаваць беларускую мову.

Я скончыла Беларускі нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, атрымала там вельмі добрую сярэднюю адукацыю. Увогуле зь ліцэем у мяне зьвязаныя самыя найлепшыя ўспаміны. Гэта сапраўды быў час, калі мы ўсе размаўлялі толькі на беларускай мове, у нас было шмат розных факультатываў, выдатныя настаўнікі. Сапраўды, ліцэй зрабіў шмат для таго, каб я сфармавалася як асоба. Дзякуй яму за гэта.

Я вельмі люблю музыку. Я нават працавала ў музычным часопісе, перакладала і пісала розныя артыкулы. Люблю спорт, хаджу на аэробіку. Я вельмі люблю футбол. Гэта такі адрэналін, калі глядзіш футбол.

Люблю свой горад, люблю бавіць час асабліва ў такіх мясьцінах , у якіх прысутнічае гістарычны дух – Траецкае прадмесьце, Няміга.

У мяне шмат сяброў сярод дзяўчат, але, мабыць, усё ж сярод хлопцаў больш. Хацела б мець заўсёды каля сябе такога чалавека, зь якім я ішла б далей па жыцьці. Я лічу, што нават не кар’ера, а сям’я усё ж павінна быць на першым месцы. Было б добра, калі б і тое і другое разам. Усё залежыць ад мяне, чаго я дасягну ў гэтым жыцьці. Я буду рабіць усё магчымае, каб мае пляны ажыцьцявіліся”.
XS
SM
MD
LG