Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал зь Менску



Павал зь Менску. 25 гадоў. Зараз працуе мастацкім рэдактарам у адным зь недзяржаўных часопісаў. Скончыў прэстыжную сталічную школу зь фізыка-матэматычным ухілам. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі на факультэце штучнага інтэлекту. Але з унівэрсітэту давялося сысьці...

(Павал: ) “На той момант я жыў разам з маці і няпоўнагадовай сястрою. Натуральна, матчынага заробку не хапала на ўтрыманьне школьніцы і студэнта, я ўжо не кажу пра стыпэндыю. Прыйшлося ісьці працаваць, сумяшчаць працу з вучобаю. А потым у зьвязку з працаю (я абслугоўваў кампутарную тэхніку ў адной зь менскіх грамадзкіх арганізацыяў), давялося сысьці з унівэрсытэту. Потым тры гады прапрацаваў вэб-майстрам Інтэрнэт-сайту таксама адной грамадзскай установы. Пасьля таго, як з-за палітыкі дзейнага рэжыму зачынілі й гэтую установу, то знайшоў працу мастацкага рэдактара ў недзяржаўным часопісе. Грошы невялікія – недзе каля 180 тысячаў беларускіх рублёў. Цяжка, вядома, але на нашую дзяржаву я зараз працаваць не гатовы.

Натуральна, падпрацоўваю, трэба ж неяк круціцца, бо маю сям'ю – жонка, 3-гадовая дачка. Апроч таго, даглядаю маці, якая за працоўнае жыцьцё ў гэтай краіне сталася інвалідам другой групы і атрымоўвае 60 тысячаў пэнсіі, а таксама забралі на старасьць зь вёскі 84-гадовую бабулю. Трымаюся, як кажуць, ад заробку да заробку. Каб адкласьці нешта ў “панчоху”, я ўжо й не кажу. Дадатковы заробак маю, абслугоўваючы кампутарную тэхніку сваім знаёмым і знаёмым маіх сяброў. Але часьцей за ўсё грошы за гэтую працу не бяру, бо бачу, што людзі таксама круцяцца ў віры нашага дурнога жыцьця.

Веру. Веру ў сьветлую будучыню для беларускага народу. Можна сказаць, сам ствараю будучую глебу для сваіх дзяцей па нейкіх малых крупіцах сваёй сьвядомасьці.

Спачуваю, так бы мовіць, электарату, бабулькам ды дзядкам, шматдзетным маці, простым рабацягам, якія за сваю працу нават ня могуць па-чалавечы адпачыць, калі ім захочацца, а маюць толькі прымусовыя адпачынкі, як, прыкладам, на апошнім чатырохдзённым сьвяткаваньні лукашэнкаўскага Дня рэспублікі. Адначасова сорамна за сваіх суседзяў, якім кінуць падачку раз на год – сьвята якое, ці рубель да гадавіны Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, а потым цэлы год іх абіраюць, зацьміўшы ім вочы.

Я хачу, каб у нашай краіне людзі маглі самі абіраць сабе сьвяты. Каб адпачывалі, каб маглі сабе дазволіць паглядзець іншыя краіны сьвету, а не схадзіць два разы за мізэрны заробак паглядзець кошты ў крамах. Адным словам, хачу свабоды ў выбары, у выбары ўва ўсім. Нават у выбарах хачу сам выбіраць, а не каб за мяне. Думаю, урэшце рэшт наш народ зразумее, дзе і як ён жыве, і зробіць свой выбар. А я свой выбар зрабіў – я гадую дачку і працую зараз на яе будучыню”.
XS
SM
MD
LG