Гісторык Андрэй Чарнякевіч з Горадні лічыць, што сёньня ня самыя горшыя для беларушчыны часы. Цяпер Андрэй навучаецца у Варшаве.
(Чарнякевіч: ) “Студыі ўсходнія” — гэта такая праграма, якая акрамя палякаў у апошні час выкарыстоўвае і замежных студэнтаў. У гэтым годзе там чатыры студэнты вучацца, у тым ліку два зь Беларусі — што цікава — абодва гарадзенцы. Наагул там вялікі попыт на гарадзенцаў. Праграма разьлічаная на два гады. У канцы мы павінны абараніць магістарскую працу і атрымаць дыплём Варшаўскага унівэрсытэту. Гэтыя два гады даюць магчымасьць сустрэцца з выкладчыкамі ня толькі польскімі, але і замежнымі. Напрыклад, такія вядомыя постаці, як Пайпс, як Норман Дэвіс, прыяжджаў Сьвентахоўскі. Гэта значыцца, такія постаці, якія робяць сучасную навуку.
Іншая рэч, што ў свае 29 год мне троху цяжэй, чым хлопцам, якія маладзейшыя ад мяне. У мяне ёсьць сям’я, а ўсё ж такі студэнцкае жыцьцё, яно больш вольнае.
Гэтыя студыі даюць магчымасьць працаваць у архівах Варшавы. Вядома, што ў 1919 годзе Горадня становіцца другой сталіцай БНР. Адсюль іншы быў крок, наступны—гэта наагул цікавасьць беларускім рухам пачатку ХХ стагодзьдзя. Зараз я працую над тэмай “Фармаваньне беларускай палітычнай эліты ў Другой Рэчы Паспалітай”. Наколькі гэта важна зараз – знайсьці карані палітычных партый у мінулым, каб спраэцыраваць на сёньняшні дзень. Ацаніць яго кшталт, яго твар. Бо, па шчырасьці, гэтага да сёньняшняга дня не было зроблена. Мы ўсе жывем у нейкіх мітах. Для мяне цікавасьць гэтая пачыналася з гарадзенскага бруку, з гарадзенскіх вуліц. І зараз я хачу па гэтых вуліцах выйсьці шырэй на беларускі шпацыр па Беларусі – зь Беластокам, Вільняй, у шырокім сэнсе культурнай прасторы. Зь беларускай Прагай. Хачу пабачыць гэтага беларускага палітыка.
Прыкра толькі, што падчас гэтых вандровак спатыкаеш вельмі часта ня толькі моманты, якімі можна ганарыцца, як беларусу. Але моманты прыкрыя. Як гісторык, я мушу аб гэтым пісаць. Мне здаецца, нельга выкідаць зь гісторыі моманты, якія нам не падабаюцца. Гэта, дарэчы, моманты, якія зьвязваюць і сёньняшнюю палітыку, і гісторыю беларускага руху. Вельмі яна сучасная, гэтая гісторыя, вельмі шмат там такіх момантаў, якія і зараз прасочваеш лёгка, калі чытаеш сучасныя газэты. Я чакаю выхаду кніжкі “Постаці беларускага нацыянальнага руху Горадні: 1909-1939 гады”. Я ня ведаю, чым скончылася жыцьцё большасьці з гэтых беларускіх дзеячаў, яны быццам бы канулі ў Лету. Але я ўпэўнены, што іхнія нашчадкі жывуць і зараз. Для мяне было б вельмі важна, каб вярнуць гэтую сувязь часу, якая парвалася.
Як і ў большасьці, хто падарожнічае праз беларуска-польскую мяжу, ёсьць адчуваньне дыскамфорту, калі ты вяртаешся. Але зь іншага боку, і жаданьне вярнуцца дахаты. Калі параўноўваць жыцьцё ў Польшчы і Беларусі, бачна, што ў нас ёсьць нейкія цяжкасьці. Але кожны паляк скажа, што гэтых цяжкасьцяў хапае і ў Польшчы. У кожнай краіне свае праблемы”.