Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Запартыка


Алесь Запартыка, 24 гады. Жыве ў Менску, архівіст, скончыў у 2001 годзе гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працуе навуковым супрацоўнікам аддзелу асабістых фондаў Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь.

(Запартыка: ) “Гэты аддзел асабістых фондаў, у ім захоўваюцца дакумэнты былых дзяржаўных, грамадзкіх, палітычных дзеячаў Беларусі. Мы іх апрацоўваем, ствараем вопісы, уводзім у навуковы ўжытак, пасьля гэтага імі можна карыстацца навукоўцам. Вельмі цікавае адчуваньне гісторыі праз прызму адчуваньня нейкіх падзей, менавіта, чалавекам, які, фактычна, ствараў гэту гісторыю.

Па спэцыялізацыі, калі я заканчваў унівэрсытэт, займаўся старажытнай гісторыяй часоў Вялікага Княства Літоўскага. Гэта было мне вельмі цікава, але тут я неяк перапрафіляваўся і займаюся больш сучаснай гісторыяй. У прынцыпе, тое і гэта цікава. Гэта гісторыя роднай краіны.

Я, можна сказаць, памацаў рукамі гісторыю Беларусі. Напрыклад, у фондзе Ермачэнкі я дакрануўся да ягонага жыцьця, да нейкіх ягоных асабістых дакумэнтаў, трымаў у руках дыпляматычны пашпарт БНР тых часоў, калі ён узначальваў дыпляматычную місію БНР у Канстантынопалі.

Як архівіст, я магу захаваць памяць. Задача гісторыі, можна сказаць, навучыць уласны народ на памылках, на сваіх жа памылках, каб ён не рабіў больш такіх жудасных рэчаў, якія рабіліся, напрыклад, у тыя ж 20-30 гады.

Захаваць гэта ўсё – нейкія дакумэнты, публікаваць, данесьці іх да людзей, скажам так, укласьці ў вушы, каб чалавек сам задумаўся аб сваім жыцьці, аб сваёй краіне і аб сваім лёсе. Ніякая зьмена зьнешняй ці ўнутрыпалітычнай сытуацыі не павінна кранаць архіваў, каб потым прыйшлі нашыя нашчадкі і разабраліся, дзе ў нас былі памылкі, дзе ў нас былі перамогі, а дзе – паразы.

Удзельнічаў у барацьбе за Курапаты, знаходзіўся сярод валанцёраў, начаваў там. Я ў асноўным праводзіў там час у самыя марозныя, зімовыя дні. Потым я атрымаў пашкоджаньне ў адной з боек з расейскамі “фашыкамі”.

У нейкім сэнсе гэта была перамога, што ўвесь сьвет дазнаўся пра гэтую праблему, а так бы ізноў замаўчалі. Можа, і ў нас былі памылкі, але я лічу, што гэта быў станоўчы крок – усе гэтыя падзеі. Хаця, цяпер там ізноў зьявіліся праблемы.

Мэта? Мэта – гэта складана. Мэта – гэта жыць, жыць так, каб не было сорамна. Важна – чалавекам застацца. Гэта вельмі складана, але чым складанейшы шлях да мэты, тым, магчыма, будзе цікавейшае жыцьцё”.
XS
SM
MD
LG