Юля Севасьцьянчук, 16 гадоў, Пінск. Піша вершы, пасьля школы хоча паехаць ва ўнівэрсытэцкі горад, каб стаць юрыстам ці гісторыкам, а пасьля вярнуцца ў родны горад.
(Севасьцьянчук: ) “Я пляную паступіць ва ўнівэрсытэт у Горадні. Увогуле я хацела на юрыдычны, але цяпер мне падабаецца гісторыя, таму я выбіраю. Калі вучыш гісторыю, ты вучыш лёсы розных людзей, ты даведваешся, як яны жылі, як яны працавалі, і можна многаму навучыцца ў гэтых людзей. Таксама цікавыя гістарычныя падзеі, і цяпер я даведалася, што яшчэ ня ўся гісторыя дакладна вядомая. Хто ведае, мабыць у будучыні я таксама зраблю свой унёсак у разьвіцьцё нашай гэтай навукі.
У будучыні я спадзяюся на тое, што нашая родная мова будзе адзінай дзяржаўнай мовай у нашай краіне, таму што гэтая мова вельмі прыгожая, яна мне вельмі падабаецца. Таксама я лічу, што трэба вяртацца да беларускіх традыцыяў. Ня трэба браць прыклад з адной толькі Расеі, якая бліжэйшая наша суседка. Трэба глядзець крышачку на Польшчу, на іншыя заходнія краіны.
Калі ўзяць напрыклад Горадню, ці Менск, гэта такія даволі важныя цэнтры нашай краіны, там цяпер ужо людзі стараюцца размаўляць толькі па-беларуску, гэта эліта грамадзтва: пісьменьнікі, палітычныя дзеячы. А да Пінску… Мабыць, да Пінску гэта таксама дойдзе неўзабаве.
Дакладна сказаць што тут дрэнна, што тут добра я не магу, бо я не стараюся ўнікаць у палітычнае жыцьцё. Але хачу сказаць, што горад прыгожы, што тут ёсьць дзе прагуляцца па выхадных. Таксама тут можна атрымаць добрую адукацыю. Напрыклад, тут ёсьць філіял эканамічнага ўнівэрсытэту. Таксама сярэднія навучальныя ўстановы: пэдагагічны тэхнікум, індустрыяльна-пэдагагічны, мэдычны…
Я люблю свой родны горад, і пасьля вучобы я пляную зноў сюды прыехаць. Я ўвогуле не люблю вялікія гарады: транспарт, шуму многа. Тут спакойна, тут прыгожа, тут добра, тут я нарадзілася. Я буду тут жыць”.