Дзяніс Кандрашоў – 18-гадовы магілёвец, студэнт мясцовай вучэльні культуры. Дзяніс называе сябе “чалавекам Рэнесансу” і імкнецца гэтаму назову адпавядаць. Любімыя заняткі – граць у гурце “Эліны”, маляваць і пісаць вершы. Хаця вершы па-беларуску Дзяніс толькі вучыцца рыфмаваць – ён гадаваўся ў рускамоўная сям’і і толькі ня так даўно адкрыў у сабе патрэбу карыстацца ў жыцьці роднай мовай.
(Кандрашоў: ) “Я вельмі задаволены сваім жыцьцём, таму што я кахаю зямлю, дзяўчынаў, сваю краіну, сябе. Напрыклад, мне вельмі падабаецца атрымліваць стыпэндыю і ісьці куды-небудзь у кавярню. Я ем на 20 тысячаў, а потым ем за кошт маёй маці, вось так. Я ёй дапамагаю, прыбіраюся ў кватэры, гатую ежу, і… часам сам прыношу грошы.
Хацеў бы я зьмяніць у сваім жыцьці… Я лянуюся часам. Гультай. І вось я хачу гэта зьмяніць, таму што гэта нядобра. Я думаю, што калі я буду працаваць, шмат працаваць, і рабіць тое, што мне падабаецца, напрыклад – граць у гурце ці пісаць вершы, з жаданьнем данесьці што-небудзь да людзей сваёй творчасьцю, то я здолею гэта пераадолець. Я хачу данесьці да людзей тое, што перш за ўсё трэба быць чалавекам. Што галоўнае – гэта чалавечая існасьць, духоўнасьць. І што трэба заўсёды казаць праўду. І гэтую праўду трэба слухаць.
Я лічу, што трэба ставіцца да ўсяго з гумарам. Не задумвацца над маленькімі праблемамі, і гэта не праблемы, мабыць, часам, а ты робіш з гэтага нейкую нават катастрофу. Трэба жыць – не тужыць. Жыць, як набяжыць. Сьмяяцца. Сонейка сёньня, вось і добра. Я лічу, што гэта правільна”.