Гарадзенцы Насьце Маркевіч 14 гадоў, але яна ўжо дакладна ведае, кім хоча стаць. Можа, таму ў яе няма куміраў, на якіх хоча быць падобнай большасьць моладзі. Насьця папросту хоча стаць сама сабой.
(Насьця Маркевіч: ) “Я вучуся ў гімназіі. Да восьмай клясы я вучылася ў беларускамоўнай клясе, дзе ўсе прадметы ў нас выкладалі па-беларуску. Гэта была адзіная кляса ў нашай школе, усе астатнія былі рускамоўныя. Нашая кляса была экскурсаводамі ў нашым школьным музэі Карскага. Там мы праводзілі экскурсіі. Цяпер я закончыла восьмую клясу зь біялягічна-хімічнай спэцыялізацыяй. Я выбрала гэтую спэцыялізацыю для таго, каб мне потым было лягчэй паступаць у мэдунівэрсытэт. Я ў будучыні хачу стаць стаматолягам. Гэтая прафэсія мне падабаецца таму, што ў яе ёсьць пэрспэктывы.
Свой вольны ад школы час я праводжу за кампутарам ці са сваімі сябрамі. У мяне ёсьць мая лепшая сяброўка Алеся. У нас зь ёю адзіныя цікавасьці. Мы зь ёю слухаем адну музыку. Мне падабаецца група Linkin Park. Зь беларускамоўных кніг мне падабаецца больш за ўсё Янка Купала. Але часьцей за ўсё я чытаю рускую літаратуру: Лермантава, Пушкін мне падабаецца. У мяне ёсьць любімыя кінаакторы. Мне падабаецца Джулія Робэтс, Том Круз. У сучаснай моладзі вельмі многа цікавасьцяў. Мы з маёй сяброўкай, як і ўсе, ходзім на дыскатэкі. Нам падабаюцца шырокія нагавіцы і гэтак далей. Але ў нас на першым месцы зараз тое, каб добра вывучыцца, паступіць у ВНУ. Каб потым атрымаць добрую прафэсію, якая будзе нам цікавая і якой мы будзем ганарыцца”.
Паколькі я вывучаю нямецкую мову, я была ўжо аднаго разу ў Нямеччыне зь дзіцячай групай. Мне там вельмі спадабалася. Там я сустрэла многа цікавых людзей, у мяне там засталіся сябры. Напэўна сёлета я таксама на гэтых вакацыях я паеду ў Нямеччыну. Я размаўляю простымі фразамі, але мы адно аднаго разумеем. Я там была каля Гановэра—маленькі гарадок Бадмюндэр, там палатачны лягер. Мы самі за сабой прыбіралі, самі гатавалі сабе стравы. Мне вельмі спадабалася іхняя кухня. Мая любімая страва—гэта дранікі. Я сама навучылася іх рабіць”.