Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даша Пятрова



Пятрова Даша, 17 гадоў. Жыве ў Жодзіне. Выпускніца Жодзінскай беларускай гімназіі 2003 году. Сёлета зьбіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Марыць стаць філёлягам.

(Пятрова: ) “Філялёгія мяне прыцягвае не таму, што мне падабаецца пэдагогіка. Мяне не цікавіць выкладаньне мовы ў школе. Мне больш падабаецца вывучаць розныя мовы і практыкавацца ў гэтых мовах за мяжой.

Мяне мовы вабяць тым, што яны розьняцца між сабой. І я лічу, што чалавек, які валодае некалькімі мовамі, ён вельмі адукаваны і зь ім ёсць аб чым паразмаўляць. Гэта вельмі цікавы і рознабаковы чалавек. Я лічу, што трэба ведаць шмат моў. І трэба ведаць беларускую, таму што мы жывём на Беларусі. Тым больш, што гэта наша афіцыйная мова. І хаця расейская мова таксама ёсць афіцыйная, але, паколькі мы жывём тут, мы мусім ведаць беларускую. Мы мусім ведаць і замежныя, таму што, калі мы прыяжджаем за мяжу, у іншыя краіны, то мы мусім гаварыць на замежнай мове, а не на сваёй, ды яшчэ патрабаваць, каб нас зразумелі.

Я лічу, што беларуская мова розьніцца з расейскай, хаця многія сьцьвярджаюць, што яны аднолькавыя. Але ў беларускай мове вельмі шмат паэтычных слоў. І калі ўзяць творы нашых беларускіх пісьменьнікаў, то яны вельмі паэтычныя, і вельмі прыгожыя словы. Таму я лічу, што беларуская мова вельмі прыгожая на слых. Калі, напрыклад, узяць слова “зорка”. Па расейску яно гучыць як “зьвязда”. Беларускае слова “зорка” больш плаўнае, больш паэтычнае. І таму яно прыгажэй выглядае. У беларускай мове ў параўнаньні з расейскай шмат аднолькавых слоў і таму некаторыя людзі кажуць, што наша мова нібыта няправільная расейская. Я лічу, што гэта памылковае меркаваньне. Беларуская мова – гэта самастойная мова. Яна мусіць існаваць як самастойная і каб на яе не казалі, што яна “няправільная”.

Аднолькавых слоў паміж беларускай і ангельскай амаль што няма. Таму мяне вабіць тое, што яны не аднолькавыя, бо калі б яны былі аднолькавымі, было б ня так цікава іх вывучаць. А паколькі яны розныя, то хочацца вывучаць і гэтую, і тую мову.

Я ня ведаю, якая Беларусь будзе ў будучым, але я б хацела, каб яна была беларускамоўнай. Таму што мы павінны захаваць мову нашых продкаў. І мне б хацелася, каб людзі мелі магчымасьць вольна размаўляць на беларускай мове”.
XS
SM
MD
LG