Максім Рахман, 16 год. Сёлета скончыў Гарадзенскую гімназію №1, спрабуе паступіць у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Акрамя эканомікі захапляецца раманамі Тэадора Драйзэра.
(Рахман: ) “Увогуле я сваім жыцьцём задаволены. Я на дадзены момант не адчуваю ніякіх эмоцыяў, на мне не вісіць ніякі цяжар праблемаў, я іду да сваёй мэты – гэта паступіць у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Я працую над ёй, і гэта прыносіць станоўчыя эмоцыі. Таму я магу сказаць, што на дадзены момант я сваім жыцьцём задаволены.
У сваім жыцьці я хацеў бы пазбавіцца ад такой адмоўнай якасьці, як лянота. Вельмі цяжка сябе прымусіць рабіць тое, што зрабіць трэба. Кожны раз адкладваеш на апошні момант, а потым робіш гэта з трайной хуткасьцю, з трайнымі выдаткамі.
Каб дасягнуць посьпеху, нельга ніколі здавацца. Яшчэ Ўінстан Чэрчыль казаў: “Ніколі! Ніколі! Ніколі не здавайцеся!” І гэта я магу лічыць сваім дэвізам па жыцьці. Якія б перашкоды не стаялі на шляху, іх заўсёды трэба прайсьці, іх заўсёды трэба перамагчы. Я так лічу, што пазьбегнуць памылак чалавек ня можа. Але ж ён можа на ўласным досьведзе не зрабіць памылку, якую ён зрабіў ў мінулым. І пазьбегнуць памылак практычна немагчыма. Іх трэба прайсьці, іх трэба засвоіць.
У сваім жыцьці я больш за ўсё баюся здрадніцтва. Гэта значыць адчуць, што ў цябе выбілі глебу з-пад ног. І ня ведаеш, на што арыентавацца, што рабіць, каму верыць.
Як кажа тэорыя выпадкаў, выпадкаў ў жыцьці не бывае. Бываюць толькі пасьлядоўныя заканамернасьці. Таму я лічу, што ад мяне залежыць у гэтым жыцьці ўсе. А ад уладаў… я хацеў бы, што папросту не перашкаджалі маім спробам дайсьці да маіх мэтаў, жыць так, як я хачу.
У дадзены момант я не магу назваць таго чалавека, які зьяўляецца ідэалам. Можа, гэта нейкая абстрактная сукупнасьць якасьцяў: трываласьць, метанакіраванасьць, адданасьць сваёй працы.
Слухаю амаль усё за выключэньнем цяжкага мэталу: ад клясыкі да папсы. Люблю Моцарта, люблю Баха.
Люблю Тэадора Драйзэра: “Амэрыканская трагедыя”, “Геній”. Драйзэр прыцягвае сваёй канкрэтнасьцю ў апісаньні стану чалавека, ён паказвае, што з чаго выходзіць, што зьяўляецца прычынаю чаго. І вось гэта лягічнасьць, яна вельмі прываблівае”.