Алена Кажамяка, 18 гадоў. Жыве ў Празе. У Беларусі скончыла школу з хіміка-біялягічнай спэцыялізацыяй і пачала вучыцца ў Віцебскай вэтэрынарнай акадэміі, але мусіла зьехаць у эміграцыю.
(Кажамяка: ) “Я хацела тут навучацца ў Карлавым унівэрсытэце на прыродаведчым факультэце, на спэцыяльнасьці – генная інжынэрыя. У гэтым годзе не атрымалася. Але ў наступным абавязкова буду вучыцца.
Я малюю свае малюнкі і працую на рынку, прадаю іх для турыстаў, таксама і самі чэхі, яны вельмі любяць жывёлаў і купляюць малюнкі. Стаю кожны дзень там. Я вельмі люблю маляваць кошак. Мне здаецца, што гэта самая прыгожая жывёліна ў сьвеце. Кошкі для мяне як характарныя асобы, кожная мае свой характар, свой погляд на жыцьцё і свой вопыт. Дома, у Беларусі, я мела некалькі кошак, у асноўным з вуліцы, падабраныя.
З многімі людзьмі я там знаёмлюся. Вельмі шмат цікавых турыстаў. Яны заўсёды гаворку са мною падтрымліваюць, на розных мовах. Гэта вельмі цікава – бачыць новых людзей. Я сустрэла тут чалавека, які размаўляе на 10 мовах. Ён так прыгожа пераходзіў з адной мовы на другую. Ён сам мастак, гэта амэрыканец каля 50-ці гадоў. Ён ведаў пра Беларусь, але ня ведаў нашай мовы. Пабываў у Беларусі, у Менску. Ён сказаў, што яму там спадабалася, але ён гаварыў, што як гэта мы – беларусы не ведаем сваю мову, ён чуў толькі расейскую мову ў Менску. Ён меркаваў, што прыедзе і вывучыць новую мову.
Але малюнкі, мастацтва – гэта будзе як хобі. Я выбрала для сябе генную інжынэрыю. Генная інжынэрыя – гэта будучыня наша. Мне вельмі шкада, што мы ня можам справіцца з такімі хваробамі, як ракавая пухліна, з такой хваробай, як старасьць (я называю гэта хваробай). Я мяркую, што ўсё гэта можна перамагчы. Але для гэтага трэба знайсьці лекі. У нас асабліва, у Беларусі, сустракаюцца прыроджаныя недахопы. Яны закладаюцца генэтычна, і калі на раньнім этапе зьнішчыць прычыны, то гэта будзе вельмі добра для нашчадкаў, дзеці будуць здаровымі нараджацца. Для гэтага трэба вучыцца. Я мяркую, што я навучуся і буду з гэтым змагацца.
Маё жыцьцё складалася, можа, і ня так добра, але я бачу толькі добрыя моманты. Я веру, што ўсё будзе добра, што жыцьцё, ну, ня тое, што казка, але – радасьць”.