Адныя з апошніх публічных словаў Васіля Быкава былі ў абарону Беларускага гуманітарнага ліцэю. Цяперашнія ліцэісты гавораць, як Быкаў апекаваўся ліцэем, з гонарам адзначаюць, што іхным папярэднікам пашчасьціла атрымаць дыплёмы пра заканчэньне Ліцэю з рук Васіля Быкава. Сёньня ў “Маладых галасах” – слова навучэнцам Беларускага гуманітарнага ліцэю. Гавораць Вера Паклонская, Глеб Лабадзенка, Натальля Ягела, Максім Русьць і Каця Матавелава.
(Паклонская: ) "Сказаць проста, што гэта быў празаік – ня надта будзе нова. Сказаць, што гэта чалавек, які вельмі шмат зрабіў для разуменьня беларусаў, для вызначэньня беларусаў, як саміх сябе, гэта будзе бліжэй. Для мяне былі больш цікавыя ягоныя экзістэнцыяльныя творы, такія, як "Сьцяна". Таму што чытаць проста пра вайну, хоць і праўду пра вайну, мне, напрыклад, не цікава. А вось тэма экзістэнцыялізму мяне хвалюе. Ён ніколі не ператворыцца ў манумэнт, таму што я яго вельмі люблю. У мяне стаіць пяць розных выданьняў яго, і я яго перш за ўсё буду помніць як чалавека, які вельмі шмат рабіў для Беларусі. Калі я была вельмі маленькая, ён прыяжджаў у ліцэй".
(Лабадзенка: ) "Быкаў зьвязаны зь ліцэем. Ён тут быў не аднойчы. І раней, калі сытуацыя была ў краіне іншая, Быкаў уручаў атэстаты выпускнікам ліцэю. Я лічу, што гэтым людзям вельмі моцна пашанцавала. Як у мяне за першы-другі клясы граматы і падзякі яшчэ з "Пагоняй", у майго браціка пасьведчаньне пра нараджэньне з "Пагоняй", калі Быкаў уручаў атэстаты, гэта той жа гонар. Вобраз Васіля Быкава, гэта штосьці вялікае, недасяжнае, але ў той жа час, нешта сваё. Няшмат казалася пра тое, што для пэўнай групы людзей Быкаў быў тым, на каго можна было агледзецца і сказаць: "А што скажа Быкаў?", "А Быкаў сказаў так". Цяпер я ня бачу такога другога чалавека, на якога можна было б так спаслацца. З таго апошняга, што мяне кранула ў Быкава, гэта ягоная разьвітальная кніжка "Доўгая дарога да дому". Таксама кніжка "Пахаджане" прыйшлася дужа даспадобы, таму што, ня гледзячы на хрэстаматыйныя "Знак бяды", "Жураўліны крык", "Сотнікаў", тут адчуваўся ня толькі адыход ад тэмы вайны. Адчуваўся філязофскі падыход аўтара, ягоная глыбіня, ягоная веліч. Быкаў – гэта сапраўды была нашая Сьцяна. І цяпер гэтая сьцяна пачынае расьцярушвацца. Улады не змаглі дамовіцца з жывым Быкавым, я думаю, яны паспрабуюць паспэкуляваць на сьмерці. І нашая задача – ня даць зганьбіць гонар вялікага пісьменьніка. І для нас вельмі сымбалічна, што апошнія выказваньні Васіля Ўладзімеравіча былі на абарону ліцэя. Ягоныя апошнія словы былі: "Трэба змагацца за родную мову". Ён стаў не іконай, хоць яго называюць "Апосталам нацыі". Ён сапраўды быў і застаецца апосталам нацыі. Я лічу, што зь яго ня зробіцца ідал".
(Ягела: ) "Для мяне гэты чалавек вельмі праўдзівы, які ніколі не мяняў сваёй пазыцыі. Мне ён спадабаўся гэтымі якасьцямі. Канечне, гэта шматгранная асоба, вельмі праўдзівая. Бо ён не ішоў ні за якім рэжымам, і заўсёды быў самастойным чалавекам. Менавіта асобай, якіх у наш час бывае ня шмат. таму што некаторыя людзі адчуваюць страх, ці падобныя пачуцьці. А ён ніколі не баяўся, таму людзі, калі чыталі, маглі яму верыць, і знаходзіць праўду зь ягоных кніг менавіта".
(Русьць: ) "Быкаў умее паказаць кожнага чалавека, вобразы: вельмі цікава, але галоўнае – з усіх бакоў. Мой самы любімы твор – "Альпійская баляда". Увогуле, я ягоныя творы вельмі люблю чытаць, асабліва, калі прыяжджаеш у вёску. Сама атмасфэра такая, калі ў лес ідзеш, ці ў поле, калі чытаеш Быкава – абсалютна асаблівы настрой".
(Матавелава: ) "Чалавек-легенда, нават ня верыцца, што такі можа памерці. Быў легенда пры жыцьці, зараз можна сказаь, што гэта проста легенда. Быкаў гэта не мой любімы пісьменьнік. Але, калі-некалі фальш пачынае настолькі абрыдаць, што хочацца пачытаць штосьці сапраўднае. Кніжак зь несапраўднымі падзеямі цяпер вельмі шмат. А вось Быкаў, адзін зь нямногіх людзей, які пісаў штосьці сапраўднае. Гэта асаблівы чалавек, ён любіў ліцэй, ён часта прыходзіў. Некаторым выпускнікам пашанцавала, ён уручаў ім дыплёмы пра заканчэньне ліцэю. Гэта, вядома, вялікі гонар, калі дыплёмы ўручаюцца Быкавым. Нам, на жаль, у гэтым сэнсе не пашанцавала. Але мы будзем памятаць яго, вядома. перш за ўсё, як чалавека. Як добрага чалавека, які вельмі шмат зрабіў для Бацькаўшчыны і пэрсанальна для нашага ліцэю".