Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Пыско


Натальля Пыско, 27 гадоў. Працуе ў інфармацыйным сэрвісе “BARC-news” Беларускай асацыяцыі рэсурсавых цэнтраў. Была адным з арганізатараў і ўдзельнікаў Школы маладых беларускіх лідэраў, што амаль тры тыдні працавала ў Польшчы і Менску. Пасьля гэтых заняткаў Натальля цалкам упэўненая, што ў Беларусі ёсьць сапраўныя маладыя лідэры. І іх не адзінкі, а дзясяткі і сотні. А заняткі ў Школе лідэраў былі вельмі цікавыя і карысныя, лічыць Натальля.

(Натальля: ) “Па-першае, гэта, безумоўна, кантакты, гэта цікавыя людзі. Па-другое, гэта тыя веды, якія нам далі, таму што была вельмі інтэнсіўная праграма навучаньня, з раніцы да позьняга вечара, выкарыстоўваліся самыя незвычайныя, нестандартныя сродкі. Мы, скажам, вучыліся дэбатаваць, у нас была цэлая спэцыяльная праграма па дэбатах.

Я асабіста пераканалася, што ў нас ёсьць сапраўдныя лідэры. Таму што фактычна ўсе, з кім давялося працаваць у Школе лідэраў, яны надзвычай цікавыя, займаюць вельмі актыўную грамадзкую пазыцыю, у іх проста безьліч ідэяў, якія яны б хацелі рэалізаваць. І ня толькі хацелі б, але і на справе рэалізуюць.

Тут было 38 удзельнікаў, а жадаючых, анкетаў было больш за 200. Так што відавочна, што лідэры ў нас ёсьць. Такім чынам, у нас ёсьць будучыня. Ва ўсялякім разе, вельмі б хацелася на гэта спадзявацца...

Я думаю, мала знойдзецца людзей, нават пасьпяховых, якія б былі цалкам задаволеныя сваім жыцьцём. Таму што ў кожнага чалавека ёсьць свае праблемы, прычым, як праблемы асабістага пляну, так і праблемы і больш шырокага, грамадзкага і нават дзяржаўнага ўзроўню. Таму я не магу сказаць, што ёсьць поўная задаволенасьць. Але вось такія моманты, такія сустрэчы, такія людзі, якіх мы бачым у Школе лідэраў, прычым, ня толькі беларускія, але і нашы трэнэры ўкраінцы, і сапраўды сымбаль гэтай школы прафэсар Зьбігнеў Пыльчыньські – усё гэта, зноў жа, дае такую надзею і веру”.
XS
SM
MD
LG