Сяржук Гіркін – маршалак Ставарышаньня Вялікалітоўскай моладзі (моладзевай ініцыятывы з Магілёва). Сяржуку 26 гадоў, ён жыве ў Магілёве, займаецца палітыкай і грамадзкай дзейнасьцю. Яго любімыя пісьменьнікі – Генрык Сянькевіч і Адам Міцкевіч, у музыцы аддае перавагу клясычнаму беларускаму фольку. Хлопец любіць кампутар і зьбірае тэлефонныя карткі. Але больш за ўсё на сьвеце Сяржуку падабаецца хадзіць у касьцёл, калі там мала народу, і размаўляць з Богам “сам-насам”.
(Гіркін: ) “Я задаволены сваім жыцьцём, бо яшчэ жыву. Жыву тут, на сваёй Бацькаўшчыне. Я задаволены сваім жыцьцём яшчэ таму, што я патрэбны людзям, што у мяне ёсьць дзяўчына, якую я кахаю, што я бачу кожны дзень новых людзей, сустракаюся з рознымі цікавымі людзьмі.
Мая маці – вельмі своеасаблівы чалавек. Мабыць, такія людзі нараджаюцца раз у сто гадоў. Яна вельмі вялікая альтруістка і нікому ня хоча ніколі злога. Нават калі я часам крыўджуся на каго-небудзь, яна заўсёды знаходзіць аргумэнты ў абарону гэтага чалавека. Я вучуся на яе прыкладах.
Я б хацеў нарэшце знайсці сталую працу і ажаніцца. Тады ўсе мае праблемы вырашацца. Я шукаю працу, тэлефаную ў розныя арганізацыі. Усё, так бы мовіць, будзе нармалёва.
Калі я скажу, што я бы хацеў змяніць нашага прэзідэнта, то гэта будзе надта банальна. Але гэта сапраўды так. Ну, слухайце, як чалавек такі, якога ніводная заходняя краіна не паважае, можа кіраваць нашым народам? Народ заслугоўвае тую ўладу, якую ён заслугоўвае, але ён ужо ўсім надакучыў.
Ня трэба глядзець на іншых. Трэба заўсёды глядзець толькі на сябе. Кожны чалавек – гэта ёсьць індывідыум. Кожны чалавек нараджаецца толькі адзін раз і жыве толькі адзін раз. Канечне, трэба ўлічваць досьвед іншых людзей. Але калі ты бачыш, што менавіта гэтая справа прынясе табе шчасьце, што менавіта з гэтай справай ты будзеш праспэраваць, то, канечне, трэба рабіць так, як табе падказвае ўласнае сумленьне”.