Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Грынявіцкая


Надзея Грынявіцкая жыве ў Бабруйску. Ёй 23 гады. Вучыцца ў тэхнікуме толькі на “выдатна”. Надзея – сябра грамадзкага аб’яднаньня “Маладыя сацыял-дэмакраты”. Працуе над праектам студэнцкага самакіраваньня. Выхоўвае гадавалую дачушку Віталіну, нараджэньне якой вельмі зьмяніла яе жыцьцё.

(Надзея: ) “Па-першае, зьявілася больш адказнасьці, больш клопатаў, і на пачатку гэта, зразумела, мяне адцягнула ад грамадзкай працы. Але ў мяне зьявіўся яшчэ большы стымул працаваць на карысьць Беларусі, увогуле на карысьць стварэньня дэмакратычнага грамадзтва, таму што ёсьць ужо такая асабістая зацікаўленасьць у тым, што твой дзіцёнак расьце і што яму гэта трэба. Яму лягчэй будзе жыць...

А зараз я жыву сэсіяй, трэба пасьпяхова здаць іспыты. Хачу паспрабаваць рэалізаваць свой праект пра студэнцкае самакіраваньне. І таксама стараюся час ад часу не забывацца пра сваё дзіця. Бо зараз лета, хочацца зь ёй гуляць, расказваць, паказваць, знаёміць яе са сьветам, гэта для яе першае сьвядомае лета...

Часу ніколі не хапае, але я б не сказала, што мне вельмі складана. Я думаю, калі ты добра арганізаваны, то ты можаш паўсюль пасьпяваць. Калі табе гэта патрэбна, калі гэта цікава і цябе гэта хвалюе, то ты зможаш спалучаць і грамадзкую працу, і вучобу, і, зразумела, сямейные клопаты і выхаваньне дзіцяці.

Асноўныя мэта майго праекту – гэта актывізаваць студэнцкі рух у Бабруйску менавіта праз закладваньне студэнцкага самакіраваньня. Зараз вядзецца дыялёг з адміністрацыяй, распрацаваны плян дзеяньняў, у кастрычніку плянуецца ўжо правесьці выбары ў студэнцкія органы. А летам будзе весьціся праца па падрыхтоўцы гэтага ўсяго – статут, эфэктыўнасьць структуры…

...Зьмяніць? Перш за ўсё, калі казаць так глябальна, хацелася б зьмяніць адносіны беларусаў да сябе як да нацыі. Мне вельмі хочацца, калі браць асабіста, каб мая дачка вырасла сьвядомай беларускай, каб яна паважала сваю культуру, сваю Радзіму, тады яна, канешне, будзе паважаць сваіх бацькоў і тых, хто да яе даносіць гэту культуру.

Я спадзяюся, што я аптымістка, але мне часам падаецца, што я рэалістка. Канешне, як кажуць, у маладосьці заўсёды верыш у лепшае, больш яшчэ ёсьць наіўнасьці з-за маладосьці, верыш у добрых людзей. Яшчэ ў мяне гэта ёсьць. Я спадзяюся, і застанецца”.
XS
SM
MD
LG