Зьміцер Чарткоў, 23 гады. Жыве ў Жодзіне, працуе акторам у мясцовым тэатры. Лідэр гарадзкой моладзевай экалягічнай арганізацыі “Экаскоп”.
(Чарткоў: ) “У 8-м мікрараёне горада Жодзіна пачалося будаўніцтва гандлёвых павільёнаў для прадпрымальнікаў. А жыхары – супраць. Гэта знаходзіцца з трасай Менск-Масква. І яны зьвярнуліся да нас. Там ёсьць дрэвы, якім па 45-50 год. Калі іх сьсекчы, то пройдзе шмат часу, пакуль вырастуць новыя дрэвы. Па-другое, гэта спрычыніцца да лёгачных захворваньняў.
І таму мы ня згодныя, каб высякаліся гэтыя дрэвы. І хочам, каб улады перагледзелі праект будаўніцтва. Была таксама парушана Орхуская канвэнцыя, якую ратыфікавала Рэспубліка Беларусь у 2001 годзе. У гэтай канвэнцыі гаворыцца пра тое, што кожны грамадзянін мае права прымаць рашэньні з уладай, пра далучэньне да экалягічнай інформацыі, пра магчымасьць звароту да правасудзьдзя.
Але ж гэта не выконваецца. І пра гэта было паведамлена ў адміністрацыю прэзыдэнта, у Міністэрства прыродных рэсурсаў, у гарвыканкам і ў экалягічную камісію гарсавета – дэпутатам.
Але ж будаўніцтва вельмі хутка пачынаецца, і таму мы вырашылі, што гэтыя дрэвы могуць быць зьнішчаныя. І мы правялі акцыю “За чыстае паветра”. Я ўзяў ланцугі і прыкаваў сябе ланцугамі да дрэва. Гэта выклікала вялікі рэзананс у горадзе. Прыехала шмат міліцыі, пачалі тэлефанаваць старшыні гарвыканкама. У вуснай форме сказалі, што дрэвы ня будуць зносіць. Але чыноўнік Даўгучыц Леанід Паўлавіч, які адказвае за жыльлёва-камунальную гаспадарку і экалёгію, паведаміў, што дрэвы будуць зьнесеныя.
Ён прапанаваў нам знайсьці тэхналёгію і перасадзіць гэтыя вялікія дрэвы. Такія тэхналёгіі ёсць. Але гэта трэба рабіць узімку. Пры гэтым таксама трэба зьнімаць столькі глебы аж да кроны дрэва. Гэта немагчыма перасадзіць. Пасьля ён сказаў, што перасаджвайце гэтыя дрэвы, але я сфатаграфую іх зараз і ў кастрычніку і, калі яны загінуць, то адказнымі будзеце вы. Мы пра вас напішам у мясцовых СМІ, што эколягі знішчылі дрэвы.
Мы з гэтым ня згодныя. Мы хочам адстаяць дрэвы, каб яны засталіся. Бо гэтыя дрэвы вельмі патрэбныя жыхарам 8-га мікрараёну, Тым больш, што гэтыя людзі перасяліліся з чарнобыльскай зоны”.