Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Шамянкоў



Алесь Шамянкоў – 18-гадовы магілёвец, студэнт Магілёўскага пэдагагічнага каледжу, сябра Маладога фронту. Яму падабаецца клясыка беларускага року – “Крама”, “НРМ”. Любімыя пісьменьнікі й паэты – Глёбус, Цётка, Караткевіч, Геніюш.

(Шамянкоў: ) “Я ўвогуле цалкам задаволены сваім жыцьцём, бо яно складвалася вельмі добра і карысна для мяне. І ўвогуле мне шанцавала. “Каму шанцуе, той і ў лапцях танцуе!” Усё, што я выбіраў, было карыснае для мяне ў будучыні, усё гэта было ўзаемазьвязанае з маёй будычыняй. Напрыклад, у 8 гадоў я ўпершыню паехаў у Нямеччыну. Тады гэта было ўвогуле цудам. Там я пачаў вучыць нямецкую мову, што працягнуў рабіць праз 5 гадоў ужо ў школе, і ўжо ў каледжы я зараз вывучаю нямецкую мову.

У сваім жыцьці я б, напэўна, нічога не меняў бы. А ў жыцьці краіны? Так, шмат чаго можна зьмяніць. Перш-наперш, вельмі добра, файна было б змяніць стаўленьне людзей да дэмакратыі. І ўвогуле ўсю нашую беларускую, нават ня столькі беларускую, колькі іхную савецкую мэнтальнасць. З-за яе ўсе і праблемы.

Потым добра б было зьмяніць ўсю цалкам нашую сыстэму адукацыі. Якая ня ставіць сваёй галоўнай мэтай выхоўваць людзей разумных, здольных да мысленьня, здольных да выбару. А ўсё больш у расейскім кантэксьце, больш такіх рабоў, здольных толькі працаваць, гарбаціцца, нічога не вырашаць самім.

І наступнае, гэта было б файна, каб нашыя людзі сталі адказныя, па-сапраўднаму адказныя. І каб кожны чалавек зразумеў, што ён адказвае сваім голасам у час выбараў за лёс усёй нацыі, усёй краіны.

Дзеля таго, каб стаць у гэтай краіне шчасьлівым, трэба прыкласьці шмат намаганьняў. Ці чагосьці не заўважаць. Што рабіць? Напэўна, усе свае задумы рэалізаваць, не ляніцца, не ляжаць на канапе, а ўсё ж такі быць людзьмі справы, рабіць саміх сябе”.
XS
SM
MD
LG