Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Жарко



Аляксею Жарко – 19 гадоў. Ён студэнт другога курсу факультэту радыёфізыкі БДУ. Пасьпяхова сумяшчае вучобу ва ўнівэрсытэце з працай у саліднай навукова-вытворчай фірме “Галяграфічная індустрыя”. Лічыць, што яму вельмі пашанцавала ў жыцьці: заняткі даволі складанай навукай фізыкай для Аляксея ня цяжкая праца, а яшчэ і хобі.

(Жарко: ) “Па-першае, гэта цікава. Насамрэч, вельмі цікава. Гэта дае нейкі стымул для разьвіцьця – я маю на ўвазе магчымасьцяў мысьленьня. Па-другое, ня так ужо гэта і непрыбыткова, бо, наколькі я ведаю, у маладых людзей, якія пайшлі вучыцца і зараз працуюць у сфэры навукі, у пляне грошай у іх усё дастаткова добра. А як раз у тых людзей, якія, скончыўшы школу, адразу пайшлі працаваць, у іх ужо зараз пачынаюцца праблемы. Не хапае адукацыі, не хапае кваліфікацыі. Гэта я ведаю дакладна. Нядаўна я сустракаў сваіх аднаклясьнікаў, і высьветлілася адна такая істотная тэндэнцыя: толькі 2-3 чалавекі лічаць сябе, так бы мовіць, на ўзроўні. І гэта тыя 2-3 чалавекі, якія змаглі паступіць ва ўнівэрсытэты.

Калі я выйду з унівэрсытэту і ўжо буду мець нейкі рэальны вопыт работы, гэта ня можа быць дрэнна, гэта можа даць толькі плюс. Я пасьля вучобы сумяшчаю нейкае хобі і працу, набыцьцё жыцьцёвага і працоўнага вопыту. Гэта, хутчэй, унутранае пачуцьцё: вось я працую, я раблю, я магу. Гэта вельмі важна, каб ужо зараз праявіць свае здольнасьці, свае магчымасьці, каб далучыцца да навуковых асяродкаў, навучыцца нечаму ў больш дарослых людзей у нефармальнай абстаноўцы. Таму што ва ўнівэрсытэце – гэта больш фармальныя адносіны паміж выкладчыкамі і студэнтамі, а на працы стасункі больш нефармальныя. Заўсёды лягчэй размаўляць зь людзьмі, калі ты зь імі працуеш.

Ці варта заставацца тут, пытаньне дастаткова цяжкае. Цяжка нешта вырашаць, таму што відавочна, што тут ня самае лепшае месца для разьвіцьця навукі, для дасьледчых прац. Але, зь іншага боку, гэта мая краіна, я тут нарадзіўся...

Ці ёсьць пэрспэктывы ў беларускай навукі? Я нават і ня ведаю. Гэта ўсё залежыць ад часу. Усё можа зьмяніцца. І ў любы момант. Адзінае – куды яно зьменіцца: ці ў лепшы бок, ці ў горшы. Я, канечне, спадзяюся, што ўсё зьменіцца ў лепшы бок, і я думаю, тая самая моладзь, прадстаўніком якой я зьяўляюся, пастараецца зрабіць усё, каб нам было добра жыць тут.

Што б я хацеў зьмяніць у сваім жыцьці? Па-першае, набыць таго самага вопыту, хацеў бы атрымаць адукацыю. Гэта нельга назваць карэннымі зьмяненьнямі, але я да гэтага імкнуся. Атрымаць добрую работу, атрымліваць добрыя грошы за яе, і, само сабой зразумела, займацца любімай справай”.
XS
SM
MD
LG