Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліна Ровіна


Паліна Ровіна, 17 гадоў. Жыве ў Жодзіна. Вучыцца ў выпускной клясе Жодзінскай беларускай гімназіі. Паліна лічыць, што цяперашняй сыстэме адукацыі ў Беларусі бракуе дэмакратыі. Узаемадачыненьні настаўнікаў і вучняў нагадваюць стасункі начальнікаў і падначаленых, а Паліна вышэй за ўсё цэніць свабоду меркаваньняў.

(Ровіна: ) “Я пайшла ў гэтую гімназію таму, што ў нас, у Жодзіне, гэта адзіная беларускамоўная гімназія. Я хачу размаўляць на беларускай мове.

Мая гімназія мяне крыху расчаравала. Там у цэлым добрая атмасфэра. Добрыя вучні, добрыя настаўнікі. Але вось іх адносіны да вучняў ня вельмі добрыя. Кіраўніцтва гімназіі ня вельмі добрае. Кіраўнікі думаюць, што толькі яны маюць рацыю, а вучні – не. І калі я выказваю свае думкі інакш, яны гэта ня ўлічваюць.

Калі мы разглядаем нейкі беларускі твор, то мы разглядаем, аналізуем толькі з аднаго пункту гледзішча. Мы не глядзім на гэты твор зь іншага пункту гледзішча. Напрыклад, калі ўзяць твор Васіля Быкава “Знак бяды”, то там ёсць такія дзеячы як Недасека, Гуш. Яны – паліцаі. Мы разглядалі, хто горшы: гэтыя паліцаі альбо фашысты. Наш настаўнік сказаў, што толькі фашысты дрэнныя. А паліцаі як бы добрыя. А мне хацелася сказаць, што паліцаі ў сваім родзе як бы здраднікі Радзімы.

Нягледзячы на тое, што нашы настаўнікі не даюць вольнасьці, але ж навучаюць яны вельмі добра. Выкладаюць усю праграму. У параўнаньні зь іншымі школамі, узровень адукацыі ў гімназіі ня горшы.

Жыхары Жодзіна ўвогуле размаўляюць на расейскай мове. І гімназія–гэта адзіная беларускамоўная школа. Таму я лічу, што трэба пашыраць беларускамоўныя школы. Каб яны адчыняліся, пашыралася іх дзейнасьць. І каб людзі, якія жывуць у Беларусі, маглі навучацца на беларускай мове”.
XS
SM
MD
LG