Вольга Більдзюг, 18 гадоў. Студэнтка журфаку БДУ. Як кажуць, выдатніца, спартсмэнка, прыгажуня. Воля лічыць, што сучасная дзяўчына, а тым больш будучая журналістка, павінна дасканала ведаць кампутар, добра фатаграфаваць, валодаць відэакамэрай, а таксама выдатна кіраваць аўтамабілем. Вельмі любіць падарожнічаць. Днямі вярнулася з Кіеву і падзялілася сваімі ўражаньнямі:
(Вольга: ) “Людзі, людзі, як сорамна! І за нашу нацыю сорамна, і за нашу мову сорамна, і за нашу культуру згубленую сорамна... Вось я, напрыклад, да ўкраінцаў не адназначна ставілася.... Але наведала я днямі Кіеў, і мая адзнака ім ўзьнялася амаль на 100%. Я іх нават палюбіла. І крыўдна за беларусаў стала. Ну чым мы ад украінцаў адрозьніваемся, што ня можам распавесьці нават тое пра сваю гісторыю, што могуць украінцы...
Кіеў – сапраўды прыгожы горад, бо будынкі ў Кіеве быццам цацачныя. Ведаеце, кожны дом унікальны, асобны. І помнікаў старажытнасьці ў горадзе – безьліч. А ведаеце, у гэтых будынках адноўленая частка пафабаваная нанова, а рэшткі фундамэнту пад шкло ўзятыя. Чаму б і ў нас не зрабіць так, напрыклад, з Траецкім прадмесьцем? Бо раскапалі ж Верхні горад, а потым палічылі, што калі кожны будзе дакранацца да каменьняў, так нічога не застанецца, і зарылі назад...
Яшчэ ўкраінцы паміж сабой на ўкраінскай мове размаўляюць. І мне было так сорамна там, у Кіеве, бо перад тым, як прамовіць які-небудзь сказ, я павінна задумвацца. Ну калі ж да беларусаў дойдзе, што мы зусім зьнікнем, калі не адновім сваю гісторыю і мову?
Ведаеце, якія адзнакі дзяржаўнасьці? Герб, сьцяг, мова. Што ў нас, у Беларусі? У нас няма самабытнага дзяржанага гербу, сьцягу, які сваімі каранямі ідзе ў гісторыю, таксама няма зараз. І мовы амаль няма. У нас адзінкі толькі размаўляюць на сваёй мове! Калі ў нас няма нічога гэтага, тады ў нас і нацыі няма, і дзяржавы таксама няма. Дык дзе ж мы жывем? Нас зараз амаль ніхто ня ведае ў Эўропе, а што ж далей будзе?”