Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глеб Лабадзенка


Глеб Лабадзенка. Нарадзіўся ў Менску 16 гадоў таму. Беларускі гуманітарны ліцэй, у якім ён вучыцца, ёсьць месцам і зьместам усіх ягоных цяперашніх захапленьняў. Настрой уздымае музыкай айчынных рок-гуртоў. Піша вершы і маленькія празаічныя імпрэсіі. Марыць пра ўваходжаньне ў сьвет вялікіх літаратурных чынаў, што, на думку ягонага творчага апекуна Рыгора Барадуліна, мае падставы.

(Лабадзенка: ) “Я мару быць грамадзянінам Беларусі. Хачу, каб і надалей заставаўся за мною гэты прывілей, гэтая шляхетная мая адметнасьць. І трэба застацца чалавекам, таму што шмат хто з старэйшага пакаленьня гаворыць, што яны ўсё жыцьцё былі прыстасаванцамі, каб выжыць. І я малюся пра тое, каб нам не давялося быць такімі, каб мы жылі па шчырасьці й не пайшлі на кампрамісы найперш з самімі сабою.

Я люблю свой горад. Мне падабаецца блукаць па знаёмых вулках. Але маё жыцьцё — гэта ня толькі я сам, але і ўсё тое, што адбываецца вакол мяне. Сказаць нешта канкрэтнае, што б я ў гэтым хацеў зараз зьмяніць — гэта будзе імгненнае жаданьне. Вось я хацеў бы, каб ужо зараз цьвілі кветкі, але гэта не ад мяне залежыць. Вясна ў прыродзе прыходзіць незалежна ад таго, хочам мы таго ці не. А вось вясну ў душы мала чакаць. Каб яна прыйшла, трэба нешта рабіць і трэба хацець, каб яна прыйшла.

А посьпех — гэта складнік шчырасьці і прафэсійнасьці. Таму што бывае і такі посьпех: ішоў, знайшоў грошы… Посьпех? Посьпех. Але празь дзесяць хвілінаў забыўся на яго. А калі казаць пра глябальны посьпех, то, па-мойму, бяз шчырасьці яго ня можа быць. У нас ёсьць выпадкі, калі здаецца, што вось у чалавека ўсё атрымліваецца. А пасьля глядзіш — усе на яго забыліся. То была ўдача часовая, а ня посьпех…

Шчасьце для мяне — гэта свабода і каханьне. Таму што калі чалавек кахае, ён абавязаны ў каханьні быць свабодным. Калі чалавек свабодны, яму толькі гэтага мала, яму яшчэ трэба кахаць. Можна сказаць, што тэарэтычна ў сёньняшняй Беларусі малады чалавек можа быць шчасьлівым, але для гэтага трэба нешта рабіць. Каб кахаць, асабліва нічога рабіць ня трэба, каханьне прыходзіць само. А каб быць свабодным, для гэтага трэба ўжо варушыць і рукамі, і галавой.

Слухачам “Свабоды” хачу пажадаць мець гэтыя два складнікі — каханьне і свабоду. А яшчэ посьпех. І верыць у тое, што ўсяго гэтага можна дасягнуць, бо бязь веры нічога не бывае”.
XS
SM
MD
LG