Сяргей Мацукевіч, 25 гадоў. Жыве ў Пінску, Берасьцейская вобласьць. Працуе апэратарам сушыльных установак у беларуска-сынгапурскай фірме вытворчасьці паркету “Пінск-СП”. Для яго цяпер задача нумар адзін — пазьбегнуць службы ў шэрагах узброеных сілаў Беларусі.
(Мацукевіч: ) “Жыцьцё, вядома, рэч цікавая. І з аднаго боку яно мяне задавальняе,бо ёсьць бацькі, мае сябры і мая любімая праца. Чаму не задавальняе? Хацелася б жыць як мага лепей. Альбо на адной працы, альбо на іншай. І для самаго сябе застаецца вельмі мала часу. Жыцьцё кароткае!
Вядома, у сваім жыцьці хацелася бы зьмяніць такую цікавую справу, якая мае назву ваенкамат. Зараз мне амаль што 26 гадоў. І вось пасьля скачэньня ўнівэрсытэту мяне клічуць у войска. На адно месца ажно тры чалавекі. Нават конкурсны адбор нейкі ў войску. Навошта чапаць тых людзей, якім засталося амаль што нічога да канца прызыўнога тэрміну? Зьмяніць хацелася б гэта такім мэтадам: альбо альтэрнатыўная служба, альбо скараціць гэты тэрмін. Не 27 гадоў, а хаця б 24 ці 25. Бо гэта перашкаджае. Дзесьці ў гэтым узросьце людзі заводзяць сем’і, ёсьць свае дзеці.
У жыцьці баюся нажа ў сьпіну. Не люблю падвохаў і здрадніцтва. Баюся, што з маімі роднымі й блізкімі нешта здарыцца, у чым я не змагу ім дапамагчы.
Ці можна быць шчасьлівым у Беларусі? Шчасьлівым можна быць паўсюль, бо для мяне шчасьце — калі вакол мяне мае блізкія, калі я займаюся тым, чым мне б хацелася займацца, калі мяне разумеюць.
Як дасягнуць посьпеху? Ніколі не здавацца. Калі ў сэрцы ёсьць каханьне і нейкая дабрадзейнасьць, то гэты чалавек можа многага дасягнуць.
Пачаць уласную справу — усё гэта залежыць ад уладаў. Патрэбны іхны дазвол. А гэта даволі доўгая песьня, якая можа зацягнуцца на год, а мо й болей. Таму людзі ў большасьці сваёй папросту апускаюць рукі. Нескаранёны бюракратызм, за адной даведкай можна бегаць па пяці ці шасьці кабінэтах: каб кожны прачытаў, паставіў пячатку і свой подпіс. Калі гэта прыбраць, меней часу патрэбна будзе людзям, для таго, каб гэтага ўсяго дасягнуць.
Ідэал — гэта, хутчэй за ўсё, зборная такая асоба. Ня буду называць імёнаў. Чалавек павінен быць сумленным да сябе і да астатніх. Па-другое, разумець усё тое, што ён робіць. Бо шмат людзей бяруцца за справу, наогул не разумеючы, што яны робяць і да чаго гэта можа прывесьці.
Чытаю я замежных аўтараў: Рэмарка і Кастанэду. Кастанэда прымушае задумацца пра тое, што ты робіш і як ты гэта робіш. Ён неяк настройвае твой духоўны лад на патрэбную хвалю”.