Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Рагачоў



Зьміцер Рагачоў, 25 гадоў. Зь дзяцінства марыў працаваць на чыгунцы. Ня так даўно скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту. Цяпер імкліва робіць кар’еру ў сваёй улюбёнай справе і ў любімай краіне. Акрамя чыгункі Зьміцер захапляецца беларускай гісторыяй.

(Рагачоў: ) “Я працую ва Ўправе Беларускай чыгункі, у службе сыгналізацыі й сувязі інжынэрам па сыстэмах перадачы інфармацыі. Гэта, канечне, ня ў чыстым выглядзе чыгунка, але мяне цягне не да чыгункі як такой. А як да сеткі, як да структуры, да тых узаемадзеяньняў паміж асобнымі часткамі сеткі. Як яна функцыянуе. Таму мяне зацікавіла спачатку чыгунка, а пасьля сыстэма перадачы інфармацыі.

Для мяне чыгунка – жывы арганізм. Я ёсьць ягонай часткай. Тыя рэчы, за якія я адказваю, даволі моцна ўплываюць на працу чыгункі. Жывы прыклад: калі б не было той службы, у якой я працую, цягнікі б рухаліся, так – але з хуткасьцю ня больш за пяць кілямэтраў у гадзіну.

Ня думаю, што я магу быць такім аб’ектыўным, але тое, што я ведаю пра чыгункі суседніх краінаў… Беларуская чыгунка, яна адчувальна чысьцей за ўкраінскую, напрыклад. І парадку ў нас безумоўна болей, гэта адчуваецца. Калі параўноўваць з польскай чыгункай, мяне цікавіць тое, што там дэцэнтралізаваная структура і… эканамічны падыход. Чыгункі прыбалтыйскіх краінаў, яны шмат меншыя ў параўнаньні зь беларускай чыгункай. І таму там цяжка нават казаць пра нейкую самастойнасьць.

Беларуская чыгунка дастаткова разгалінаваная і можа сама сябе забясьпечваць. Гэта дзяржава ў дзяржаве. Расейскія чыгункі – гэта імпэрыя. Там усё настолькі іншае! Гэта для мяне непрымальна, як для жыхара вось такой краіны. Я лічу, што Беларусь – эўрапейская краіна, у першую чаргу ў сэнсе тэрыторыі.

Большасьць маіх калегаў лічаць, што гэты вакзал – гэта гвалт над чыгуначнікамі. Ён неэканамічны. Гэта вельмі вялікі будынак – для такой краіны, як наша, непатрэбны. Ён патрабуе вельмі шмат рэсурсаў, каб яго забясьпечваць. Напрыклад, праект Нацыянальнай бібліятэкі, ён шмат у чым падобны. Імкненьне да імпэрскай архітэктуры, яно бачнае і ў тым, і ў тым праекце. Стары вакзал… Я яго памятаю. Мне шкада, што намі быў страчаны цікавы помнік.

Я не зьбіраюся зьяжджаць зь Беларусі. Я лічу, што кожны чалавек, ён там запатрабаваны, ён там можа рэалізавацца, дзе ён нарадзіўся, дзе сфармавалася ягоная асоба. Мова, культура, асяродзьдзе, тэрыторыя – гэта ўсе тыя рэчы, якія дазваляюць найбольш эфэктыўна рэалізавацца асобе. І менавіта свае, усе гэтыя фактары яны павінны быць свае, натуральныя. Толькі такім чынам чалавек мае шанец быць пасьпяховым як асоба”.
XS
SM
MD
LG