Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Карпей



Сьвятлана Карпей, 19 гадоў. Студэнтка Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Піша вершы і музыку. Удзельніца дуэту “Палын”.

(Карпей: ) “Мяне задавальняе маё жыцьцё, бо я раблю тое, што мне падабаецца рабіць. Граю ў дуэце “Палын” — ён пакуль яшчэ малавядомы, але за намі вялікая будучыня. І я ня бачу перашкодаў. Зьнешнія перашкоды — яны зьяўляюцца не перашкодамі, а стымуламі для таго, каб нешта зьмяніць у гэтым жыцьці, і дзеля таго, каб жыць лепей.

Я вельмі люблю падарожнічаць, і таму я вельмі бы хацела, каб можна было падарожнічаць безь візаў. Гэта тая рэч, якая мне перашкаджае. Візы — гэта адзіная рэч, якая мяне стрымлівае на дадзены момант.

Можна жыць шчасьліва ў Беларусі. Дзеля гэтага трэба настроіцца менавіта на тое, што ты будзеш жыць шчасьліва менавіта ў Беларусі, а не шукаць нейкага выйсьця й не лічыць Беларусь нейкім мастом альбо базай, зь якой ты некуды вылеціш альбо зьедзеш. Проста трэба засяродзіцца на тым, што будзеш шчасьлівым чалавекам.

Мой рацэпт наконт таго, як дасягнуць посьпеху й пазьбегнуць памылак: проста ўсе перашкоды трэба ўспрымаць як стымул дзеля таго, каб зьмяніць нешта да лепшага. Усе перашкоды трэба ўспрымаць з падзякай, таму што калі б іх не было, чалавек ня мог бы разьвівацца.

Дзеля таго, каб пазьбегнуць памылак, трэба ставіцца да іх па-філязофску. Чалавек, які пазьбягае памылак увесь час, ён пазбаўлены асалоды ад правільных рашэньняў. Таму трэба, каб памылкі час ад часу былі. І тады ў разнастайнасьці будзе пазнавацца лепшае.

Ёсьць вельмі шмат літаратурных герояў і дзеячоў, не хачу сказаць, што я жадаю быць на іх падобная, таму што я лічу, што кожны чалавек мусіць быць арыгінальным. Уладзімер Караткевіч і Ўладзімер Арлоў — два Ўладзімеры, на мой погляд, найбольш выбітныя. Я да іх вельмі прыязна стаўлюся. І зь беларускай музыкі — Лявон Вольскі. Натуральна, геніяльны чалавек з цудоўнымі чыстымі вачыма, не забруджанымі бытам. Гэта мяне вабіць нават больш, чым музыка.

Мой дэвіз: “У жыцьці заўсёды ёсьць месца паэзіі”. Ва ўсім трэба знаходзіць прыгожае і цікавае. І трэба атрымліваць задавальненьне ад жыцьця”.
XS
SM
MD
LG