Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максім Шчур



Максім Шчур, 25 гадоў, эміграваў у Чэхію пяць гадоў таму. Цяпер студэнт, вывучае гішпанскую мову ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе. Вядомы бард, часта выступае на беларускіх культурных імпрэзах. Займаецца перакладамі зь некалькіх моваў. Летась “Arche” выдала ягоны пераклад з ангельскай мовы казкі Кэрола “Алесіны прыгоды ў дзівоснай краіне”. Пасьля навучаньня хацеў бы працаваць ва ўнівэрсытэце, займацца вывучэньнем тэорыі літаратуры.

(Шчур: ) “Эмацыйна, канечне, нельга замяніць таго, што чалавек страціў. Ён губляе магчымасьць бачыцца зь людзьмі, сярод якіх вырастаў. Але што датычыць жыцьця як такога, канечне, гэта вялікі крок наперад. Мне эміграцыя дала магчымасьць стварыць такое асяродзьдзе, у якім я даўно хацеў жыць.

Я заўсёды хацеў працаваць дзеля беларускай культуры і жыць у беларускім асяродзьдзі, але ў Беларусі ў мяне такой магчымасьці не было, як гэта ні парадаксальна. А тут такая магчымасьць стварылася. Гэтае асяродзьдзе мо нешматлікае, але у мяне ёсьць сябры, знаёмыя, зь якімі я заўсёды размаўляю па-беларуску.

Так вось штучна, нейкім дзіўным чынам атрымалася, што я як бы жыву ў беларускім асяродзьдзі толькі зьехаўшы зь Беларусі. Гэта адзін з плюсаў, гэта мне дапамагае моваю лепш валодаць і вывучыць яе больш. Я ў Беларусі настолькі добра беларускай мовы ня ведаў.

Іншыя плюсы тыя, што ёсьць магчымасьць нармальна жыць у грамадзтве, якое мае таксама свае праблемы, але значна адрозьніваецца ад нашага, я б сказаў, у лепшы бок. Тут нашмат больш разнастайнае культурнае асяродзьдзе, дзе можна сустрэць людзей абсалютна з усяго сьвету. Неабавязкова нават упісвацца ў гэтую чэскую грамаду. Тут грамада, асабліва сярод студэнтаў, настолькі разнастайная, што я ў Беларусі ня меў такога досьведу пазнаць столькі розных людзей.

Мяне найбольш турбуе культурны аспэкт. Русіфікацыя амаль ужо на дзяржаўным узроўні праводзіцца, закранае вельмі вялікія масы людзей. Але, з другога боку, ёсьць процівага гэтай русіфікацыі. Усё больш і больш маладых людзей пачынаюць цікавіцца Беларусьсю, беларускай справай, культурай.

Я б хацеў пажадаць, каб яны знайшлі сябе ў жыцьці. Ад таго, наколькі кожны зможа сябе рэалізаваць, залежыць будучыня. Хацеў бы пажадаць, каб кожны меў магчымасьць зьдзейсьніць сваю мару. Пытаньне ў тым, наколькі гэта магчыма ў Беларусі. Калі не атрымліваецца – не здавацца”.
XS
SM
MD
LG