Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Караткевіч



Вольга Караткевіч, 29 гадоў. Жыве ў Пінску, Берасьцейская вобласьць. Працуе ў сярэдняй школе, выкладае гісторыю. Слухае клясычную музыку і любіць чытаць любоўную лірыку.

(Караткевіч: ) “Маё жыцьцё мяне задавальняе, бо я выбрала тую дзейнасьць, у якой я магу сябе рэалізаваць, мне яна прыносіць маральнае задавальненьне. Мне падабаецца працаваць з падлеткамі, бачыць іхнае станаўленьне. Што гэта за адчуваньне? Гэта калі цябе добра ўспрымаюць, калі адчуваеш, што на цябе жадаюць быць падобнымі, твае рысы й ідэалы дзець пераймаюць і падтрымліваюць. Вось гэта і ёсьць адчуваньнье задавальненьня.

Што бы я хацела зьмяніць у сваім жыцьці — гэта памеры заробку. Мне здаецца, што праца настаўніка не зусім добра аплачваецца.

Як любы чалавек, у сваім жыцьці я баюся вайны, страціць здароўе. І яшчэ, чаго б я не жадала і баюся — гэта ўсталяваньня жорсткага таталітарнага рэжыму, аўтарытарызму на Беларусі.

Мне здаецца, што жыць трэба ў Беларусі й быць шчасьлівым проста неабходна ў Беларусі. Для гэтага трэба, зноў жа, задавальненьне ад сваёй працы і маральнае задавальненьне ў асабістым жыцьці, калі побач ёсьць родны каханы чалавек.

Посьпехі, па-першае, залежаць ад унутранага патэнцыялу чалавека. Для таго, каб мець посьпех, неабходна імкнуцца да поспеху. І, сапраўды, разумны чалавек вучыцца на чужых памылках.

Мне падаецца, што ў вырашэньні штодзённых праблемаў шмат чаго залежыць ад самаго чалавека. Гэта імкненьні зразумець іншых, матывы іхнай дзейнасьці. Быць больш талерантным да іншых людзей. Ад уладаў таксама шмат чаго залежыць.

Маё жыцьцёвае крэда — змагацца й не здавацца.

Я прыхільніца як у музыцы, так і ў літаратуры клясычных кірункаў. Мне вельмі падабаецца Моцарт. Ён мяне вабіць глыбінёй сваіх твораў. Калі яго слухаеш, неяк лягчэй становіцца на душы. Маральны і гістарычны аўтарытэт — гэта Ўладзімер Караткевіч”.
XS
SM
MD
LG