Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нікан Шарамет



Нікану Шарамету 20 гадоў, нарадзіўся і жыве на Беласточчыне, у Гарадку, дзе праходзяць знакамітыя музычныя фэстывалі "Басовішча". Вучыцца на беларускай філялёгіі ў Беластоцкім унівэрсытэце. Нікан вырас ў сям'і нацыянальна сьведамых беларусаў, і яго найперш займаюць беларускія справы. Ён хоча ажывіць беларускае жыцьцё на Беласточчыне і далучыць да гэтай справы моладзь.

(Шарамет: ) “Я адчуў сябе беларусам і падумаў, што для мяне гэта самае важнае – падтрымка для беларускасьці, і я пабачыў магчымасьць, што я магу нешта зрабіць з маімі сябрамі для беларусаў. З маім сябрам Мішам захацелі ажывіць маладую беларускую дзейнасьць. Заступаю майго сябра Міхала ў Беластоцкім аддзеле БАСу, таксама дзейнічаю ў агульнапольскім БАСе.

Я меў шчасьце, што мой бацька сябраваў зь Лявонам Тарасэвічам. Для мяне Лявон Тарасэвіч ёсьць такой асобаю, такім беларусам! Чалавек гэты сваёй асобаю, разьвіваючы сябе, робіць штосьці для беларускасьці. Ён асоба і аўтарытэт.

Самае важнае – верыць у сябе, разьвіваць сябе, а з гэтага ўжо ўсё вынікае. Я можа трошкі хачу зрабіць для людзей, але думаю больш пра сябе, бо калі ня будзеш у згодзе з самім з сабою, то нічога з таго ня будзе.

Найважнейшым заўсёды будуць кніжкі. Адной з найцікавейшых беларускіх кніжак, якую пачаў чытаць, кніжка Зьмітра Вішнёва “Сусьлікі”, ён даволі цікава апісвае народ беларускі цяперашні. Вядома, музыка – бяз музыкi ня ўдасца жыць. Мастацтва – люблю хадзіць на выстаўкі здымкаў, для мяне гэта вобразнае адлюстраваньне сьвету.

Усе людзі плачуць, што ня маюць шмат грошай. Я таксама хацеў бы мець іх больш, каб было магчыма рабіць тое, што хачу – выяжджаць, глядзець на ўсё. Апрача такой дурнаты, не перашкаджае мне нішто. Жыву на вёсцы, трэба дапамагаць бацькам, трэба самому здабываць нейкія грошы, каб не сядзець на плячах у бацькі.

Вёска – гэта для мяне як бы Айчына – цішыня, спакой, дзе я адпачываю, ня трэба мне глядзець на высьціг гэтых шчуроў, на бруд гораду, на масу шэрых людзей. Для мяне вёска – гэта проста адпачынак.

Я хацеў бы пажадаць сваім равесьнікам у Беларусі мець сьвядомасьць, усьведамляць сваю беларускасьць, свае карані, мне здаецца гэта самым важным”.
XS
SM
MD
LG