Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Петрулёва



Алена Петрулёва, 19 гадоў. Нарадзілася ў Салігорскім раёне. Студэнтка 4 курсу Нясьвіскага пэдагагічнага каледжу. Цікавіцца гісторыяй Беларусі, вельмі любіць мову, дзяцей. Піша вершы.

(Петрулёва: ) “Мне спадабаўся Нясьвіж зь першага разу, як толькі я сюды прыехала. Я закахалася ў гэтых людзей. Тут заўсёды чыста, прыбрана, прыгожа.

Я зь дзяцінства марыла быць настаўніцай, і я буду настаўніцай пачатковых клясаў, а таксама кіраўніком гуртка мастацкай працы. Я буду займацца зь дзеткамі. Цяпер дзеці вырастаюць вельмі дрэннымі, і нават з маленькага ўзросту яны робяць дрэнныя ўчынкі. Таму мне вельмі б хацелася іх выхоўваць, каб яны вырасталі добрымі людзьмі. Каб не рабілі дрэнных учынкаў, каб паважалі сваю культуру, сваю нацыю. Каб пасьля нас яны цікавілі неятолькі сучаснасьцю — кампутарамі, тэлевізарамі, а і маглі прыехаць сюды, нават калі далёка жывуць, паглядзець, што ёсьць тут.

Я лічу, што навучыць чамусьці гэта вельмі складана, таму што трэба пачынаць зь сябе. Так, як мы тут і рабілі. Мы тут з 1 курсу вучылі сябе. Выхоўвалі сябе, выхоўвалі ў сабе самыя лепшыя якасьці. Я, напрыклад, да паступленьня сюды шмат чаго ня ведала. Нават аб сабе самой ня ведала, што ў маёй душы можа прачнуцца такая любоў да роднай мовы.

Але як вось навучыць дзяцей малых? Спачатку, да майго паступленьня, я не ўяўляла гэтага. Думала, што гэта лёгка — раз і ўсё. Але насамрэч трэба шмат сядзець у бібліятэках — спатрэбіцца ў жыцьці. Я вось калі дайшла да 4 курсу, у мяне ўжо назьбіралася і ўсялякіх лічылак, і ўсяго іншага. І мне як быццам ужо і ня страшна ісьці працаваць зь імі.

Яны зараз чым цікавяцца? Баевікамі, усялякімі мульцікамі, па начах могуць тэлевізар глядзець зь непрыстойнымі праграмамі. А іх трэба выхоўваць і трэба, як я лічу, нават дыяфільмы паказваць пра родную прыроду, вадзіць на экскурсіі. Трэба прывіваць ім любоў да самай маленькай травінкі. Да самай маленькай птушачкі.

Апошні час у нас у краіне дзьвюхмоўе — расейская і беларуская мовы. Мы праходзім закон пра правы дзіцяці, і ён надрукаваны на расейскай мове. Хіба так можна?”
XS
SM
MD
LG