Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Зарэмбюк


Алесь Зарэмбюк — студэнт-першакурсьнік і самы малады дэпутат райсавету. Яму 20 гадоў. На першай сэсіі мастоўскага райсавету балятаваўся на пасаду старшыні. Праўда, няўдала – ён, дарэчы, быў адным з аўтараў закрытай уладамі газэты “Пагоня”. Застаецца сябром цэнтральнай рады Маладога Фронту.

(Зарэмбюк: ) “Я быў абраны дэпутатам райсавету, мяне падтрымалі 74,4% выбарцаў. Я заплянаваў пасадзіць дрэвы на тэрыторыі свайго ўчастку. Гэта будзе першым крокам да вырашэньня іншых, больш складаных праблемаў. Людзі паверылі ў мяне, і цяпер я мушу даказаць сваім выбарцам, што яны не памыліліся ў сваім выбары. Буду сумяшчаць дэпутацкую дзейнасьць з навучаньнем ва ўнівэрсытэце.

Першы пункт маёй праграмы – кантроль за выкананьнем жыльлёва-камунальнай гаспадаркай сваёй працы. Другое – гэта, як я ўжо сказаў, азеляненьне тэрыторыі майго выбарчага ўчастку. Адным з пунктаў маёй праграмы было ўзьняцьцё пытаньня аб рэканструкцыі рынку ў цэнтры гораду, чаго хочуць мясцовыя прадпрымальнікі. Бо ён таксама вельмі занядбаны.

У мінулым годзе я паступіў у Гарадзенскі ўнівэрсытэт. На гістарычным факультэце адкрылася аддзяленьне сацыялёгіі, якое працуе разам з польскім, Беластоцкім унівэрсытэтам. У дыплёме ў мяне будзе пазначана, што я сацыёляг, выкладчык сацыяльна-палітычных дысцыплінаў. У мяне выкладае такі аўтарытэтны прафэсар як пан Анджэй Садоўскі, рэктар Беластоцкага ўнівэрсытэту.

І ў будучыні, пасьля заканчэньня ВНУ, я хачу дасьледаваць палітычныя працэсы ў нашым грамадзтве. Я хачу ведаць, чаму нашыя выбарцы галасуюць за такіх людзей, які на сёньняшні дзень знаходзяцца ва ўладзе. Я хачу пазнаць глыбіню ўсіх тых працэсаў, якія адбываюцца ў нашым грамадзтве.

І хачу даведацца пра гісторыю паходжаньня гэтай нашай беларускай мэнтальнасьці. Чаму мы, эўрапейскі народ, эўрапейская краіна жывем ня так, як іншыя эўрапейскія народы? Мяне гэта зьневажае як эўрапейца, што на сёньняшні дзень мая краіна знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі.

Мне, каб паехаць да сваіх сяброў у тую ж Польшчу, хутка патрэбная будзе віза. А паехаць у суседнюю Літву, дзе маю багата сяброў, таксама патрэбная віза, за якую мне, як студэнту, трэба плаціць вялікія грошы, якіх у мяне, на жаль, няма”.
XS
SM
MD
LG