Васіль Песенька — чацьверакурсьнік Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Захапляецца гішпанскамоўнай літаратурай і сёе-тое ўжо пераклаў зь яе на беларускую мову. Любіць інструмэнтальную музыку і сам грае на гітары. Сваю будучыню не ўяўляе па-за межамі радзімы.
(Песенька: ) “Мару застацца чалавекам у Беларусі. Гэта галоўная мая мара. Шмат каму здаецца, што лёгка быць чалавекам у любой сытуацыі. Для кожнага тут існуе свая маральная планка, у мяне яна таксама ёсьць. І я спрабую яе заўсёды датрымоўвацца, каб заставацца тым, што азначае гэтае высокае слова — чалавек.
Натуральна, я не задаволены сваім жыцьцём. Калі чалавек робіцца задаволеным самім сабою, ён спыняецца ў сваім разьвіцьці, прагрэсу няма, і можа быць нават, як у артылерыі, адкат назад. Вось сёньня мне, напрыклад, было цяжка ўраньні прачынацца ды ісьці на заняткі ва ўнівэрсытэт. Гэта — лянота, звычайная лянота, асноўны мой вораг. Перамагаю яго зь вялікімі намаганьнямі, часам нават я думаю, што раблю дзеля гэтага гераічныя высілкі… Зрэшты, у большасьці выпадкаў дасягаю ў гэтым змаганьні посьпехаў. Хацелася б выпрацаваць волю да перамогі, таму што часам нейкія складанасьці прымушаюць мяне адступаць. Хацелася б, каб такога не было і ніколі нават у думках не здаралася.
Аднойчы, калі я не памыляюся, Марк Твэн сказаў: “Калі ў вас нешта не атрымліваецца — спрабуйце, спрабуйце і яшчэ раз спрабуйце”. Гэта, што называецца, афіцыйная частка ягонай фразы, але ёсьць яшчэ і працяг яе, той што застаўся за кадрам: “А калі ў вас нічога не атрымалася зноў — здавайцеся”.
Дык вось я хачу, каб другой часткі гэтай фразы ніколі не было. Проста, каб людзі ніколі не здаваліся і заўсёды ішлі, што называецца, да канца ў тым, што надумалі. Калі нейкае рашэньне ўжо прынятае, трэба зрабіць усё, каб яно было выкананае. І трэба перш за ўсё абдумваць сваё рашэньне перад тым, як яго прымаць. Бо потым, калі ўжо сказанае нейкае слова ці зробленая нейкая рэч, вярнуць назад нешта будзе немагчыма.
Калі я сёньня ішоў на інтэрвію, да мяне падышоў малады чалавек і папрасіў грошай, растлумачыўшы, што яму не хапае на пляшку чагосьці, што ўтрымлівае сьпірытус. Мне хочацца, каб тыя маладыя людзі, якія мяне чуюць, ніколі не былі такімі, як ён. Грошы можна патраціць з большай карысьцю для сябе, чым на алькаголь”.