Ядзя Адамчык, 19 гадоў. Студэнтка Беларускага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, факультэту перакладчыкаў. Мэляманка. Скончыла музычную школу, любіць самую розную музыку, але найперш гіп-гоп і электронную музыку. Называе сябе чалавекам настрою. Упершыню адчула сябе дарослай, калі патрапіла ў складаную сытуацыю за мяжой. Маці Ядзі Алена – вядомая фотамастачка, бацька Ўладзімер Адамчык – вядомы выдавец, мастак і пісьменьнік. Ядзя лічыць, што бацькі мусяць дапамагаць дзецям, але ўсяго ў жыцьці хоча дасягнуць самастойна.
(Адамчык: ) “Апрача вучобы цікаўлюся фотаздымкамі. Зусім нядаўна здымала свайго сябра, і так добра атрымалася – маці сказала, гэта самае добрае. Вельмі цяжкая гэта будзе задача – зрабіць штосьці такое, каб тваё імя было ня проста за імёнамі бацькоў, а побач зь імі.
У мяне прафэсія будзе больш па бацькавай лініі, гэта літаратура, але я яшчэ ня ведаю, ці буду я займацца навукай, і настолькі глыбока, каб крэатыўныя рэчы рабіць. Таму што перакладчык – гэта трэба перапісваць твор нанова.
Канечне, хацелася б мець сваю сям’ю. Хацелася б бачыць сябе ў нейкай справе, якая бы давала задавальненьне ня толькі мне, а ўсім навокал. Мабыць, гэта нешта зьвязанае з дызайнам, зьвязанае з мастацтвам, зь літаратурай… Але што гэта такое, уявіць у цэлым пакуль не магу.
Я езьдзіла ў Лёндан, і засталася там бяз грошай на тыдні два. І бацькі ня мелі магчымасьці дапамагчы мне, падтрымаць. Трэба было неяк жыць. У мяне было шмат сяброў там з розных краінаў сьвету. Але, канечне, нашыя беларускія людзі больш чулыя. Гэта, можа, дзіўна, але гэта так.
Не цягне туды ўжо, зусім. Пасьля Лёндану была такая дэпрэсія. Калі вяртаесься ўрэшце на радзіму, то бачыш шмат заганаў, якіх ня бачыў дагэтуль. Неяк крыўдна нават становіцца. Хочацца зрабіць нешта тут, каб у нас было ў саміх добра. Каб такога пачуцьця нават не было – крыўды. Каб у нас было ня горш, чым там. Сэрвіс – гэта першае, мабыць.
Бацька лічыць, што трэба быць вельмі дасьведчаным у сфэры палітыкі. Я так не лічу. Таму што гэта балючае пытаньне нашай краіны, і кранаць яго я ня маю ніякага жаданьня.
Мне здаецца іншым разам, што я такі чалавек, які ніколі ня будзе ўсім задаволены. Заўсёды нечага такога не хапае. Цяпер мне не хапае, мабыць, самастойнасьці. Цяпер у мяне яе ня вельмі шмат. Трэба яе самому зрабіць, і гэта вельмі цяжка. Грошы зарабляць – гэта трэба навучыцца. І для гэтага трэба працаваць, працаваць, працаваць, працаваць… Мне ўсё цікава, я толькі пачынаю сваё жыцьцё, і мне трэба праяўляцца як мага больш у розных сфэрах”.