Аўген Лук’янчанка, 21 год. Беспрацоўны. Жыве ў Кобрыні. Ён — адзін з сузаснавальнікаў моладзевай суполкі “Сьветапогляд”, якая займаецца культурніцкім адраджэньнем у горадзе. Незарэгістраваная арганізацыя друкуе свой літаратурны альманах і спрабуе ладзіць канцэрты беларускай музыкі. Аўген піша прозу. Узорамі служаць Дантэ і Гётэ.
(Лук’янчанка: ) “Не задаволены я сваім жыцьцём, бо няма магчымасьці ў нашай краіне разьвівацца так, як бы хацелася, таму што народ у нас не жадае адрадзіць сваю культуру.
У сваім жыцьці я хацеў бы зьмяніць жыцьцё іншых людзей. Каб усе былі шчасьлівыя, каб усе верылі ў сваю краіну, ведалі сваю культуру, у сваю Радзіму. Тады ў нас будзе паўнавартасная краіна, у якой усе будуць шчасьлівыя. Свайго роду гэта камунізм. Але гэта — мая мара. Я думаю, што гэта рэальна, бо я не адзін з такімі поглядамі. І будучыня за моладьдзю. І калі моладзь паспрабуе нешта зьмяніць, я лічу, што ў яе ўсё атрымаецца.
У Беларусі шчасьлівым быць можна. Трэба гэтага толькі пажадаць. Трэба, каб усе гэтага захацелі. І тады гэта адбудзецца на самой справе.
Чаго баюся? Ды ўлада ўсім жыцьцё паламала настолькі, што баяцца ўжо няма чаго. Беспрацоўя? Дык я ж беспрацоўны! Таму я лічу, што баяцца глупа.
Калісьці казалі, што чалавек — каваль свайго лёсу. Але ня ўсё так проста. Людзі залежаць ад іншых людзей. Напрыклад, ад уладаў. Я зьяўляюся адным з заснавальнікаў моладзевай суполкі “Сьветапогляд”. Нашая арганізацыя залежыць ад уладаў. Бо ўлада не дае магчымасьці разгарнуцца, зрабіць сапраўдную арганізацыю, якая будзе адстойваць правы моладзі, абараняць іх, разьвіваць культуру. Таму даволі цяжка казаць, што ня ўсё залежыць ад уладаў. А ад нас залежыць нашае жаданьне зьмяніць і палепшыць нашае жыцьцё.
Я не стварыў сабе куміра. Няма ідэала! Ідэальнага чалавека не існуе. Бацькі — гэта зьбітая тэма. З палітыкаў таксама нікога ня варта браць, бо ў кожнага ёсьць свае недахопы. Ёсьць людзі, на якіх нечым хацелася быць падобным. Хацелася б атрымаць такую ж адукацыю. як, прыкладам, у Шушкевіча. Зрабіць сваё жыцьцё і зарабіць грошай, як Біл Гейтс альбо Ракфэлер.
Слухаю я беларускі рок, “NRM” і “Краму”, таму што гэта добрае, гэта — нашае, беларускае. А чытаю збольшага клясыку — Дантэ, Гётэ. Цікавыя хлапцы былі, добра пісалі. Мне падабаюцца іхныя думкі”.