Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына з Хойнікаў



Ірына. Свайго прозьвішча назваць не пажадала, бо мае адно прозьвішча з высокім дзяржаўным чыноўнікам Беларусі. Ірына працуе на адным зь дзяржаўных прадпрыемстваў гораду Хойнікі, што ў Гомельскай вобласьці. Любімы літататурны твор — “Партрэт Дарыяна Грэя” Оскара Ўайльда. Аддае перавагу арганнае музыцы і блюзу.

(Ірына: ) “Я задаволеная сваім жыцьцём, бо сама сабе ствараю шчасьце. Што гэта значыць? Шчасьце ў працы, шчасьце ў асабістым жыцьці. Галоўнае для мяне — гэта сям’я. Мая сям’я цяпер — я й мая маці.

Хацела б не паўтарыць адной памылкі, якая ўжо была дапушчаная. Я хацела зьмяніць аднаго чалавека. Я пераацаніла свае здольнасьці, і гэта ў мяне не атрымалася. Я не задумвалася, каб зьмяніць прозьвішча для сябе. А калі я вазьму шлюб, я яго зьмяню.

Баюся нейкіх глябальных праблемаў, нечаканых катастрофаў і эпідэміяў, войны, якія змогуць паўплываць на жыцьцё асабістае і дзяржаўнае. Каб не паўтараліся такія праблемы, прыкладам, аварыя 1986 году на ЧАЭС. Гэта страшэнна!

Для мяне рэцэпт посьпеху — вучыцца на асабістых памылках, не паўтараць іх, бо інакш не навучысься, покуль сам не апячэсься.

Вядома, можна жыць і быць шчасьлівай у Беларусі. Я раней марыла жыць у Новай Зэляндыі на Выспах Фіджы. Там такое прыгожае жыцьцё! Такія сьветлыя фарбы. Там сьветлае неба. Там усё зялёнае. Яны жывуць далёка ад гэтых краінаў, якія ваююць паміж сабой. Уяўляю сабе іх менавіта так. Увогуле, я спакойны чалавек і лічу, што там спакойна, хачу жыць там. Я такога жыцьця хачу. Вось так вабяць Аль Пачына і Дэ Ніра, маё любімыя героі, яны таксама там хацелі жыць. Мне здавалася, што толькі там я магу быць шчасьлівай. А цяпер я згадзілася б толькі там пабываць, а жыць ужо можна й у Хойніках.

А хацела зьмяніць месца жыхарства не таму, што Хойнікі забруджаная тэрыторыя, а таму што я хачу жыць у больш буйным горадзе. Летась я спрабавала застацца жыць і працаваць у Менску. Але ж гэта не атрымалася. Але гэтую спробу я паўтару.

Асабістыя праблемы я вырашаю сама. А праблемы дзяржаўныя... Будзе няправільна сказаць, што іх вырашае дзяржава. Я магу зрабіць усё, што ад мяне залежыць, каб вырашыць іх у станоўчы бок. Напрыклад, дапамагчы дзяржаве. Я якасна магу выконваць сваю працу, старацца. Гэта таксама ўплывае на жыцьцё нашай краіны. Каб усе людзі так працавалі! Выходзіць на тыя ж самыя суботнікі: я люблю, калі вакол усё прыгожа й чыста.

Мой жыцьцёвы дэвіз такі: ніколі не разьменьвацца на дробязі і заўсёды кіравацца каханьнем”.
XS
SM
MD
LG