Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Мілюк



Мікола Мілюк, 28 гадоў, выкладчык францускае мовы ў Менскім лінгвістычным унівэрсытэце, адзін з герояў і сусцэнарыст фільма “Случай з пацаном”, зьнятага асяродкам газэты “Навінкі”. Мікола крытыкуе цяперашнюю апазыцыю за аддаленасьць ад праблемаў простых людзей, і мяркуе, што змагацца з аўтарытарызмам у краіне трэба на левых ідэалах. Уважае свае погляды бліжэйшымі да анархістаў. За хобі мае творчасьць у газэце “Навінкі”:

(Мілюк: ) “Мне вельмі падабаецца рабіць маніторынгі, шукаць інфармацыю, аналізаваць яе. Я думаю, гэта такі занятак, які адпавядае маёй душы, дазваляе расьці як асобе. Не хацелася б мець адзін занятак, які б займаў усю маю энэргію. Напрыклад, каб я выкладаў і толькі гэтым займаўся. Перакладаю, як усе выкладчыкі францускай, ангельскай, нямецкай і гішпанскай моваў. Такая праца па-за асноўным месцам зьяўляецца значным сродкам для выжываньня – пераклады.

Я задаволены адноснай свабодай, якую я маю ў параўнаньні з тымі, хто, напрыклад, працуе на заводах, хто працуе на дзяржаўных, прама дзяржаўных структурах, напрыклад, чыноўнікі, тыя, хто працуе на прыватных фірмах: і ў часе, і ў працы.

Я актыўна ўдзельнічаў у дэманстрацыях пратэсту супраць Лукашэнкі. Нават быў затрыманы: студэнцкія гады. У тыя гады студэнты ўвогуле былі больш актыўныя. Не ад таго, што яны такія ад прыроды, альбо лепшыя, альбо якія. Проста час быў іншы. Сродкаў кантролю было менш, напрыклад, у ўлады.

Зараз адбываецца працэс аўтанамізацыі сілаў левага прагрэсіўнага напрамку. Калі студэнты ў тыя часы – першая хваля мітынгаў – выходзілі на дэманстрацыі, яны выходзілі не для таго, каб падтрымаць апазыцыю. Будзь то АГП, ці БНФ, ці сацыял-дэмакраты. Тым менш яны выходзілі дзеля таго, каб падтрымаць нейкія мітычныя заклікі да рынку, да прыватызацыі, ці да сяброўства з ЗША, каб цяпер падтрымаць вайну ў Іраку ці штосьці накшталт таго. Яны выходзілі супраць парушэньня ўласных правоў, яны выходзілі абараняць уласныя правы. Увогуле, сам рух, ён меў прагрэсіўны пачатак. Ён не ўкладаўся, і значна перавышаў арганізацыйныя структуры, якія арганізоўвалі самі акцыі. Цяпер зьявілася магчымасьць удзельнічаць ня ў рамках гэтай апазыцыі. Удзельнічаць аўтаномна. І толькі таму я ня ўдзельнічаю ў рамках апазыцыі.

Увогуле, тое, што назіраецца, гэта павольнае малазаўважнае зрастаньне існуючай улады з тымі ідэямі, якія ў свой час прапаведвала апазыцыя. Няўдача апазыцыі часткова тлумачыцца тым, што яны ўвогуле ня могуць знайсьці ніякае альтэрнатывы. Бо тое, што яны прапанавалі ў свой час, рэалізуецца ў вычварнай форме менавіта Лукашэнкам.

Спадзяюся, будзе працягвацца адміраньне старой апазыцыі. У Беларусі пачне ўсталёўвацца сытуацыя, калі аўтарытарнай ўладзе супрацьстаяць сапраўды дэмакратычныя, сапраўды народныя, не папулісцкія, а народныя, апазыцыйныя сілы: фарміраваньне нармальнага левага руху”.
XS
SM
MD
LG