Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Іўкіна



Натальля Іўкіна, 24 гады. Па адукацыі – філёлаг. Пасьля заканчэньня БДУ паспрабавала ўладкавацца настаўніцай у сталічную школу, але ёй прапанавалі толькі групу падоўжанага дня – у школах скарачэньне... Скончыла курсы касмэтолягаў. Цяпер працуе ў замежнай гандлёва-касмэтычнай фірме “Дольчэ Віта Трэйд” кансультантам. Месцы працы – парфумэрна-касмэталягічныя сэкцыі буйных менскіх універмагаў. Натальлі вельмі падабаецца дарыць людзям радасьць, рабіць беларускіх жанчынаў, якіх яна лічыць вельмі прыгожымі, яшчэ больш прывабнымі і шчасьлівымі.

(Іўкіна: ) “Непасрэдна мая работа зьвязаная з кантактамі з пакупнікамі, кансультацыямі па касмэтыцы. Ну і таксама трэба ня толькі прыгожа расказаць пра тавар, але і прымусіць пакупніка набыць яго. Мне падабаецца гэтая работа – сустракацца з рознымі людзьмі, знаёміцца зь імі...

Я бачу іх удзячнасьць, калі я правільна параіла набыць нешта. Мне падабаецца дарыць радасьць людзям. Прыходзяць да мяне жанчыны і дзяўчыны рознага ўзросту. Не магу сказаць, каб усе яны былі, так бы мовіць, фотамадэлямі. Але яны ўсе спадзяюцца, што касмэтыка зробіць іх усіх прыгажунямі. Канечне, я не магу ім адмовіць у гэтай надзеі. Купляюць яны і дарагую, і танную касмэтыку. Канечне, кожная лічыць грошы, некаторых даводзіцца проста ўгаворваць па паўгадзіны набыць нешта для сябе. Зараз у нас у краіне такое становішча, што цэны амаль кожны дзень растуць. Прыходзяць жанчыны, пытаюцца пра тую ці іншую рэч, а цана ўзьнялася на 10-20%! І жанчына насамрэч ня можа дазволіць яе купіць. І тады вельмі шкада, што жанчына і хацела купіць тое, чым раней яна карысталася, але матэрыяльныя сродкі не дазваляюць ёй гэта зрабіць...

Мне б хацелася пабачыць тыя часы, калі кожная жанчына, прыйшоўшы ў аддзел парфумэрыі і касмэтыкі, магла б дазволіць купіць сабе тую рэч, якая ёй спадабаецца, і не лічыць пры гэтым кожны грош. Дазволіць сабе тую прыгажосьць, якую яна заслугоўвае, бо я лічу, што нашы беларускія жанчыны – адны з самых прыгожых у сьвеце”.
XS
SM
MD
LG