Ірына Куніцкая, 27 гадоў. Нарадзілася ў вёсцы Дукора Пухавіцкага раёну. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры. Працуе ў Дукорскай сярэдняй школе сацыяльным пэдагогам. Захапляецца гісторыяй, краязнаўствам.
(Куніцкая: ) “Нашая вёска вельмі вялікая. І вельмі мяне турбуе тое, што многія вучні, вядома ня ўсе, але многія, імкнуцца выехаць з нашай вёскі, не вяртаюцца ў нашую вёску. Хаця ў нас вёска вельмі прыгожая.
Узяць хаця б саму назву Дукора. Ёсьць шмат вэрсіяў на гэты конт. Адна зь іх азначае “прыгожае” месца. Вёска знаходзіцца непадалёк ад Менску. І ў нас ёсьць усе ўмовы для таго, каб пасьля заканчэньня навучальных установаў вярнуцца сюды жыць. Я сама вярнулася сюды і не магу сябе ўявіць у іншым месцы. Таму што гэта мая радзіма.
Гісторыя нашай Дукоры багатая. Вось мы бачым, як раней казалі па-мясцоваму “зэгэр”, што азначае часоўню. І непадалёк вось у гэтым будынку быў музэй, а некалі тут жыў пан. І калі пайсьці вось далей за “зэгэр”, то там у нас ёсьць бярозавая алейка, па якой вучні ходзяць у школу. Гэта таксама некалі пан пасадзіў гэтую алейку прыгожанькую і па ёй шпацыраваў са сваімі паненачкамі.
А калі прайсьці крышачку далей — там Дукарка, то там жыў вядомы драматург Васіль Гарбацэвіч. Яго спэктакль “Папараць-кветку” нават ставілі ў Менску. Вось нядаўна была 110-я гадавіна з дня народзінаў, вучні хадзілі 19 красавіка на могілкі. Насілі кветкі на магілу Васілю Ісаевічу. І вельмі кідаецца ў вочы, што магіла ў яго вельмі такая сьціплая. Яе наведваюць толькі нашыя вяскоўцы. А хацелася б, каб на яго магіле стаяў помнік. Гэта быў вялікі чалавек.
І вельмі майму сэрцу балюча, што ў нас гэтыя помнікі разбураюцца, не рэстаўруюцца. Вельмі шмат тут мясьцінаў, якія варта было бы захаваць для нашай людзкой памяці”.